У Базіліцы Святога Пятра запрацавала “Прастора слухання”. Святары і свецкія асобы гатовы выслухаць кожнага, хто шукае духоўнай размовы і падтрымкі.
“Святыя Дзверы, адчыненыя на час, натхнілі нас адкрыць «іншыя дзверы» ў Базіліцы Святога Пятра і стварыць прастору слухання”, — патлумачыў сакратар Фабрыкі святога Пятра, мансеньёр Арацыа Пэпэ. Гэтая ўстанова адказвае за кіраванне, утрыманне і аздабленне ватыканскай святыні.
Паводле яго слоў, гэта “адкрытая прастора, магчымасць для сустрэчы, месца, дзе брат: святар, манахіня, свецкая асоба – слухае іншага брата ў чалавецтве”.
Новая прастора дае магчымасць “ачысціць сэрца ад цяжару, болю, які тоіць у сабе жыццё, сумневаў і экзістэнцыяльных пытанняў, на якія немагчыма знайсці адказы”.
Падкрэсліваецца, што для католікаў асоба, якая слухае, не замяняе спаведніка, што ўдзяляе сакрамант паяднання. Гэта хутчэй прыпынак, які дазваляе кожнаму паразмаўляць з уласнымі думкамі і супаставіць іх з чалавекам, гатовым выслухаць.
На думку мансеньёра Пэпэ, для тых, хто ўваходзіць у Базіліку як турыст у пошуках прыгажосці, гэтая прастора можа стаць “непаўторнай магчымасцю, правакацыяй задаць сабе значныя пытанні пра жыццё, а таксама пытанне пра Бога”.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]
