[1]У Бараўлянах пры парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў адбыліся вакацыі з Богам пад назвай «Рабіце ўсё з любові і нічога праз сілу». Вакацыі праходзілі ў два туры з 13 па 17 чэрвеня і з 11 па 15 ліпеня, паведамляе sdb.by [2].
Каманда аніматараў разам з с. Дар’яй Еўтухоўскай FMA падрыхтавала актыўную праграму адпачынку і працы як фізічнай, так і працы над сабою праз маленькія крокі і дамашнія заданні, якія дзеці павінны былі выконваць разам з бацькамі. На працягу вакацый дзеці вучыліся быць рашучымі і будаваць адносіны, памыляцца і выпраўляць свае памылкі, любіць адзін аднаго, падтрымліваць, заўважаць прыгажосць і быць удзячнымі.
Вакацыі з Богам сталі яшчэ адной магчымасцю весела правесці разам час, разам маліцца, гуляць, развіваць свае таленты, а таксама знайсці новых сяброў.
Кожны дзень распачынаўся з малітвы, знаёмства з тэмай дня, гімна лагера і кароткага відэа, прадстаўляючага розныя жыццёвыя сітуацыі, над якімі дзеці разважалі падчас працы ў групах. Быў запланаваны час на гульні, майстэрню і цікавы адпачынак. А напрыканцы дня ўсе ўдзельнікі слухалі традыцыйнае салезіянскай слоўка і атрымлівалі практычнае дамашняе заданне.
У апошні дзень вакацый усе разам сабраліся на святой Імшы, якую цэлебраваў пробашч парафіі кс. Казімір Шыдэлко SDB. Гэта быў момант асаблівай падзякі Богу за плённы час адпачынку, праведзены разам з сябрамі.
Адметнай рысай другога тура вакацый стала адмысловая праграма для аніматараў. На пачатку кожнага дня сустракаліся на малітву, супольна снедалі, рэпетыравалі, вечары праводзілі разам, рыхтаваліся да наступнага дня, гатавалі вячэру, удзельнічалі ў святой Імшы і разважалі над жыццём святога Яна Боска.
Дзякуем Богу за гэты час вакацый, а ўсім арганізатарам за падрыхтоўку і ахвярнасць у яго правядзенні.
Наступныя вакацыі з Богам адбудуцца падчас восеньскіх канікул.


