- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У ашмянскай парафіі прайшоў інсцэніраваны Крыжовы шлях

[1]У межах Вялікага посту ў парафіі св. Арханёла Міхала ў Ашмянах адбыўся інсцэніраваны Крыжовы шлях. У перыяд посту гэтае набажэнства нярэдка праводзіцца ў розных парафіях у такой форме, што дапамагае яскрава прадставіць апошні шлях Езуса Хрыста – ад асуджэння да Галготы.

Удзельнікамі інсцэніроўкі былі дзеці і моладзь.

“Гэтая пастаноўка стала асаблівай і вельмі кранальнай падзеяй, – кажа Наталля Ягела, называючы гэтае мерапрыемства “шляхам праслаўлення Бога”. – Гэта была не проста рэлігійная традыцыя, але глыбокае духоўнае перажыванне, якое аб’яднала парафіян у малітве, разважанні і супольнай веры. Апошні шлях Езуса ўдзельнікі адлюстравалі з вялікай шчырасцю і адданасцю. Кожная стацыя Крыжовага шляху была напоўнена эмоцыямі і сэнсам. У рухах, словах і позірках удзельнікаў адчувалася глыбокае разуменне таго, праз што прайшоў Хрыстус дзеля любові да чалавека.

Асаблівую атмасферу стварыла цішыня святыні. Здавалася, што час на хвіліну спыніўся, каб кожны мог засяродзіцца, адчуць боль і надзею гэтага святога шляху. Вернікі не проста назіралі — яны духоўна ішлі разам з Хрыстом, разважаючы пра сэнс пакаяння, ахвяры і прабачэння”.

“Пастаноўка стала для парафіі сапраўднай падзеяй, якая закранула сэрцы многіх, нагадала, што Крыжовы шлях — не толькі ўспамін евангельскай гісторыі, але і запрашэнне для кожнага чалавека ісці сваім шляхам веры з даверам Богу. Такія моманты яшчэ мацней уплываюць на парафіяльную супольнасць і дапамагаюць глыбей перажываць Вялікі пост, калі асабліва важна спыніцца, задумацца і адкрыць сэрца для Божай любові”, – дадала Наталля Ягела. Па яе словах, дзякуючы с. Аляксандры Рыбалтоўскай MSF – ідэйнаму натхняльніку інсцэніроўкі, рэжысёру і касцюмеру – гэтая падзея прайшла “на прафесійным узроўні”: “Касцюмы, акторскае майстэрства ўдзельнікаў, атмасфера – усё прыцягвала ўвагу”.

Пробашч парафіі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі падкрэсліў актуальнасць падобных мерапрыемстваў, назваўшы іх важнай і каштоўнай формай праслаўлення Бога, якая аб’ядноўвае вернікаў і ўмацоўвае іх духоўнае жыццё.

Grodnensis.by [2]