[1]«Хвала Хрысту! У мяне ёсць такое пытанне. Ці можна падчас Вялікага посту слухаць музыку?»
Андрэй
На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:
– Прамога такога абмежавання няма. У тым варыянце касцёльных запаведзяў, які цяпер абавязковы для Беларусі, прыводзіцца норма: «у перыяды пакаяння не ўдзельнічаць у гучных забавах».
Перыядамі пакаяння з’яўляюцца ўсе пятніцы году і перыяд Вялікага посту. Калі мы не сумняваемся, што можна слухаць музыку па пятніцах, то чаму мы сумняваемся адносна музыкі ў Вялікім посце?
У нашым грамадстве музыка суправаджае нас пастаянна, мы чуем яе па радыё, тэлебачанні, у крамах і г.д. Захаваць такое патрабаванне было б амаль немагчыма. Касцёл не патрабуе ад людзей немагчымых рэчаў.
Іншая справа датычыць музыкі падчас гучных забаваў. Неабходна пазбягаць удзелу ў гучных забавах, а гэта значыць не слухаць музыку падчас іх. Часта бывае праблематычна вызначыць, якую ж забаву лічыць гучнай, гэта вельмі індывідуальнае пытанне. Некаторыя людзі бяруць розныя пастановы на пост. Можна ўзяць пастанову не слухаць музыку.