- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Ці можна ўдзяліць сакрамант намашчэння хворых паміраючаму чалавеку супраць яго волі?

[1]Ці можна ўдзяліць сакрамант намашчэння хворых паміраючаму чалавеку супраць яго волі? Ці будзе гэта з’яўляцца актам міласэрнасці, неабходным для збаўлення яго душы? Кацярына, 24 гады

На пытанне адказвае кс. Юрый Беганскі:

 – Сакрамант намашчэння хворых удзяляецца, перш за ўсё, цяжка хворым асобам. Раней ён здзяйсняўся толькі аднойчы , як т. зв. “апошняе намашчэнне”. Сёння гэты сакрамант чалавек можа прымаць некалькі разоў за жыццё, знаходзячыся пад пагрозай смерці.

Касцёл нікога не прымушае да намашчэння, а толькі прапануе сакрамантальную паслугу. Чалавек заўсёды застаецца вольнай асобай, у тым ліку і ў сітуацыі, небяспечнай для яго здароўя. Ніхто не можа парушыць гэтае права, нават клапоцячыся аб збаўленні бліжняга.

Асоба, якая не хоча атрымаць намашчэнне, сама сябе пазбаўляе сакрамантальнай ласкі. Гэта можа адбывацца з-за настойлівага трывання ў цяжкім граху, без жалю і жадання выправіцца. Здараюцца сітуацыі, калі хворы ці пажылы чалавек знаходзіцца ў поўнай свядомасці, здольны без цяжкасці размаўляць, і, маючы на сумленні цяжкія грахі, прагне паяднацца з Богам. Шкадуе за іх і хоча атрымаць адпушчэнне правінаў. Але да споведзі адносіцца прадузята: не прызнае яе абавязковасці і не збіраецца прыступаць да сакраманту пакаяння. У выпадку, калі хворы ў адказ на спробы растлумачыць, што гэта неабходны сродак паяднання з Богам, устаноўлены Езусам Хрыстом, надалей адмаўляецца ад споведзі, на жаль, яму нельга ўдзяляць сакраманту намашчэння хворых столькі часу, пакуль у яго будзе дастаткова сіл, каб паспавядацца. Часта легкадумная лёгкасць удзялення сакраментальнага намашчэння непрытомным хворым, якія доўга хварэлі і не выражалі жадання атрымання сакраманту, аказваецца антывыхаваўчай. У выпадку, калі хворы ўхіляецца ад прыняцця сакрамантальнай ласкі і наступае смерць, неабходна адразу запрасіць святара, каб разам памаліцца за памерлага.

 grodnensis.by [2]