- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Ці можна прасіць пра малітву таго, хто яшчэ не прызнаны святым?

[1]“Хвала Хрысту! Скажыце, калі ласка, ці можна прасіць пра малітву таго, хто яшчэ не прызнаны святым, напрыклад, забітага святара Жака Амэля? Дзякуй за адказ”. Ян.

На пытанне адказвае ксёндз Ян Раманоўскі:

– Адной з праўдаў каталіцкай веры з’яўляецца дагмат пра заступніцтва святых (лац. communio sanctorum). Гэта праўда засноўваецца на святой камуніі, адзінстве (гр. koinonia) паміж Касцёлам, які пілігрымуе на зямлі, і Касцёлам збаўленых, або Касцёлам Святых. Аднак у гэтым значэнні слова “святых” азначае не толькі хрысціянаў, якія памерлі і ўжо падчас свайго зямнога жыцця былі названыя святымі, а пасля афіцыйна кананізаваныя Касцёлам. Належаць сюды ўсе, хто праз Святы хрост прыняў святасць Хрыста і быў далучаны да Містычнага Цела Хрыста, сваім жыццём даў прыклад вернасці Збаўцу, Божым запаведзям і Касцёлу. Ёсць вельмі шмат людзей, якія адышлі з гэтага свету, пражыўшы сваё жыццё як святыя, але ніколі, напэўна, не будуць афіцыйна абвешчаныя святымі. І лагічна мы верым у тое, што яны ўжо залічаныя да ліку святых і цешацца з вечнай радасці. Таму мы можам звяртацца праз іх заступніцтва, выпрошваючы патрэбныя ласкі, так як нас навучае Касцёл у дагмаце пра заступніцтва святых.

У выпадку, напрыклад, малітвы праз заступніцтва Жака Амэля, французскага святара, які быў забіты ісламістамі ў 2016 г., трэба адзначыць, што ўжо пачаўся афіцыйны беатыфікацыйны працэс, які папярэджвае абвяшчэнне бласлаўлёным. Адным з важных элементаў гэтага працэсу з’яўляецца цуд, што адбываецца праз заступніцтва гэтай асобы. Таму малітва праз заступніцтва названага святара, напэўна, можа мець месца. І не толькі таму, што пачаўся беатыфікацыйны працэс, але таксама таму, што мы верым: сваім жыццём і мучаніцкай смерцю ён залічаны да ліку Святых, якія папярэдзілі нас у нашым пілігрымаванні да Нябеснай Айчыны і маюць удзел у вечнай радасці.