- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Ці маю адвагу Апосталаў сведчыць пра Хрыста?»: пастырская сустрэча святароў прайшла ў Празароках

[1]Чарговае спатканне святароў і манахінь Віцебскай дыяцэзіі прайшло 18 красавіка ў Празароках (Глыбоцкі дэканат). Вясковая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі гасцінна расчыніла дзверы святыні для шматлікіх гасцей.

Святой Імшы папярэднічала малітва і адарацыя Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце.

Біскуп Алег Буткевіч на самым пачатку прывітаўшы прысутных, падзякаваў пробашчу кс. Дзмітрыю Рацько за гасціннасць і падрыхтоўку да гэтага дня. Іерарх таксама адзначыў, што “перажываем сустрэчу пасля велікодных святаў і трываем у гэтай радасці спаткання з уваскрослым Хрыстом. Гэта сустрэча з Езусам, які прыходзіць да нас праз другога чалавека, ужо адбываецца, бо перажываем споведзь, перажываем спатканне з сабой”.

Гамілію прамовіў кс. Аляксей Ляшко, які з’яўляецца афіцыялам Біскупскага суда ў Віцебскай дыяцэзіі. Святар паразважаў над трыма элементамі ў жыцці кожнага святара.

[2]

  1. Абвяшчэнне. Кожны мае вялікае пакліканне – абвяшчаць Хрыста. Гэта цяжкае заданне, але вельмі важнае. Абвяшчаць з адвагай і сілай – важны пункт на шляху абвяшчэння Божага слова, якое нельга несці як прапанову ці філасофію. І гэта не толькі заданне святароў і манахінь, але і свецкіх асоб.
    “Ці я здольны казаць іншым пра Хрыста? Кім Ён з’яўляецца менавіта для мяне? Ці я маю адвагу Апосталаў?”
  1. Сведчанне. Кожны павінен быць святым і даваць сведчанне іншым. Папа Францішак у сваёй Апостальскай адгартацыі “Gaudete et exsultate” (Радуйцеся і весяліцеся), прысвечанай пакліканню да святасці ў сучасным свеце, падкрэсліў: “Мы становімся святымі, калі жывем евангельскімі благаслаўленнямі – гэта галоўны шлях, таму што ён вядзе супраць плыні гэтага свету”.
    Той хто глядзіць на нас павінен бачыць і тое, што мы абвяшчаем. Евангелле павінна абвяшчацца жыццём і сведчаннем. А гэта магчыма, калі святар ёсць блізка Хрыста.
  1. Пакланенне, адарацыя. Як я аддаю пашану Хрысту? Можа маё штодзённае пакланенне набылі статус абыякавасці?
    Пакланенне Пану – гэта даць асабістае месца ў нашых прыярытэтах каштоўнасцей; гэта быць перакананым, што Ён з’яўляецца адзіным Богам майго жыцця і маёй гісторыі; гэта пазбавіцца непатрэбных ідалаў, якія мы “ўкрываем”.

[3]

Пасля Імшы адбылася канферэнцыя духоўнага айца дыяцэзіі езуіта Станіслава Памыкалы пра важныя аспекты паклікання да святарства.

На заканчэнне спаткання канцлер курыі кс. Віктар Місевіч прадставіў навіны, бліжэйшыя планы і падзеі ў дыяцэзіі.

[4]

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык і Зміцер Лупач, фота