- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Тры ключы да святасці і благаслаўленне новапрэзбітараў: фэст св. Антонія ва Удзеле

[1]13 чэрвеня 2026 года ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Удзела сабраліся сотні вернікаў, каб ушанаваць святога Антонія Падуанскага – сусветна вядомага цудатворцы і доктара Касцёла. Сёлетняе свята, якое выпала на час юбілейнага Года святога Францішка, стала асаблівым дзякуючы прысутнасці новапрэзбітараў.

Урачыстую Імшу цэлебравалі нядаўна высвечаныя святары — а. Уладзіслаў Молчан OFMConv і кс. Антоній Тышко.

Падчас прывітання а. Яраслаў Банасяк OFMConv адзначыў прыгажосць асобы святога заступніка парафіі: «Святы Антоній — гэта магутны вучоны, доктар Касцёла, знакаміты прапаведнік Божага слова. На выявах мы бачым яго з Бібліяй і ліліяй — сімвалам цнатлівасці і чысціні. Але з другога боку, ён быў простым і пакорным слугою Пана і братам нашага заснавальніка — св. Францішка Асізскага».

[2]

Ксёндз Антоній Тышко ў сваім разважанні прапанаваў тры «ключы» да разумення постаці святога з Падуі.

Кс. Антоній заклікаў вернікаў задумацца: «Ці не баюся я прапаведваць Евангелле? Бо мы з’яўляемся не толькі слухачамі, але і тымі, хто нясе іншым. Мы можам прапаведваць не толькі словам, але і тым, чым жывем — добрым прыкладам на працы, у дамах і ў сваім асяроддзі. Будзем прасіць св. Антонія, каб ён выпрасіў нам ласку не баяцца быць вучнем, заўсёды шукаць страчанае — і вярнуць сабе радасць веры».

Напрыканцы Імшы святар урачыста асвяціў хлеб у гонар святога Антонія — традыцыя, якую шануюць ва ўсіх францішканскіх касцёлах. Сімвалічны хлеб, які нагадвае аб цудзе святога, стане для парафіян духоўнай падтрымкай.

[3]

Пасля святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту. Святары і вернікі разам памаліліся Літаніяй да святога Антонія, услаўляючы яго дабрыню, цудадзейную моц і праўдзівую веру.

Кульмінацыяй духоўнага свята стала працэсія вакол касцёла. З малітвай і спевам вернікі крочылі вакол святыні, сведчачы аб тым, што святы Антоній і сёння йдзе побач з намі.

Самай кранальнай хвілінай стала магчымасць атрымаць прыміцыйнае бласлаўленне з рук новавысвечаных святароў. Для Удзела гэты дзень стаў не толькі ўшанаваннем вялікага святога, але і жывым сведчаннем маладосці Касцёла.

[4]

Так, у год юбілею, у Мястэчку Беззаганнай мы яшчэ раз пераканаліся: святы Антоній сапраўды вучыць нас мудрасці, каб служыць, і радасці, якую нішто не можа адабраць.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота