[1]1-3 мая група маладых і дарослых каталіцкіх скаўтаў-«вандроўнікаў», а таксама скаўтак-«правадніц», якія практыкуюць педагогіку FSE (Федэрацыі скаўтаў Еўропы) здзейснілі нацыянальную «вандроўку» па маршруце Солы — Гудагай у санктуарый Маці Божай Гудагайскай.
Хлопцы і дзяўчаты ішлі да абраза Багародзіцы рознымі маршрутамі — дарогай, лесам, полем — па шляху начуючы ў лесе і гатуючы сабе ежу на вогнішчы.
Шэфам сёлетняга падарожжа хлопцаў стаў Павел Бельскі, а духоўным кіраўніком — пробашч парафіі Міхала Арханёла ў Івянцы айцец Лех Баханэк OFMConv.
У пілігрымцы-вандроўцы ўдзельнічалі дарослыя скаўты ўсіх парафіяльных груп Беларусі — з Барысава, Івянца, Мінска, Гродна, Гомеля і Віцебска, а таксама госці. Група хлопцаў складалася з больш 30 чалавек, прыкладна столькі ж было і дзяўчат. У дарозе скаўты спявалі, маліліся, разважалі на духоўныя тэмы. Кожны дзень скаўты ўдзельнічалі ў Святой Імшы, якая аднойчы была праведзена наўпрост у лесе з алтаром з заплечнікаў.
Духоўнай тэмай падарожжа сталі словы Езуса Хрыста «Я ёсць Шлях, Праўда і Жыццё», а патрыятычнай — Слуцкі збройны чын у 1920 годзе. На традыцыйным «вогнішчы» хлопцы гулялі ў любімыя скаўцкія гульні, спявалі і прадстаўлялі сцэнкі аб Слуцкім паўстанні.
Завяршылася падарожжа 3-кіламетровым Шляхам святла з паходнямі па начным полі і лесе, дзе размешчана Гудагайскай кальварыя, і Імшой у санктуарыі Маці Божай Гудагайскай, дзе кожны скаўт склаў свае інтэнцыі, з якімі ішоў у гэтую вандроўку.
katolik-gomel.by [8]