«Я пакахала няверуючага хлопца», — так пачынае свой ліст да святара наша чытачка, якая просіць парады ў няпростай жыццёвай сітуацыі. Як будаваць адносіны, калі каханы чалавек пасмейваецца з веры? Напэўна, многім нашым чытачам будзе цікава пачытаць разважанні святара на гэтыя хвалюючыя пытанні.
У рэдакцыю прыйшоў ліст ад нашай чытачкі Жанны М., якая распавядае пра сваю няпростую сітуацыю. Мы папрасілі кс. Марка Жука адказаць Жанне праз часопіс, бо праблема, якую яна закранае, хвалюе многіх. Напачатку прыводзім урывак з ліста дзяўчыны.
«Хрысціяне шмат гавораць пра любоў. І на словах усё атрымліваецца, сапраўды, прыгожа. Але жыццё падкідвае часам праблемы, якія не вырашыць па простай схеме: „Любі бліжняга свайго, як самога сябе“. Асабліва, калі памятаць, што на пачатку гэтага правіла ёсць патрабаванне любіць Пана Бога ўсім сэрцам, душою і усімі думкамі. Часам гэта вельмі цяжка спалучыць — любоў да Бога і да бліжняга.
Скажу пра сябе. Мне 20 гадоў. Каталічка. Да нядаўняга часу я часта хадзіла ў касцёл, але цяпер усё інакш. Я пакахала наверуючага хлопца. Ён вельмі добры і мяне моцна кахае. Але ў Бога ён не верыць і з маёй веры пасмейваецца. Не злосна, але ўсё ж… І мне цяпер усё цяжэй і цяжэй хадзіць у касцёл. Напэўна, мы хутка пажэнімся. Сяброўкі пытаюцца ў мяне, ці буду я браць шлюб у касцёле, а я і не ведаю, што ім адказаць. Бо як жа браць шлюб, калі Віктар не верыць у Бога? Якое я маю права змушаць яго крывіць душой і гаварыць у часе шлюбу няпраўду? А мама плача і кажа, што я буду нешчасліваю. Хіба гэта так? Чаму? Я ж кахаю яго!
Вядома, мне было б нашмат лягчэй, калі б Віктар верыў у Бога і мы разам хадзілі ў касцёл. Але ж я не магу прымусіць яго рабіць тое, супраць чаго ён бунтуе. Ды і Богу, напэўна, не патрэбныя такія „вернікі“, якія ў сапраўднасці не вераць. І ці патрэбны Яму быў бы мой шлюб? Дык што ж мне рабіць?»
* * *
Шаноўная Жанна! Праблема, якая цябе хвалюе, сапраўды вельмі важная. На жаль, з ёю сутыкаюцца многія хлопцы і дзяўчаты. Аднак, перш чым пачаць абмяркоўваць гэтую праблему, варта звярнуць увагу на некаторыя моманты ў тваім лісце.
Напачатку ты слушна сцвярджаеш, што жыццё цяжка заключыць у пэўныя рамкі. Пражыць жыццё па нейкай простай схеме, сапраўды, наўрад ці каму ўдасца, ды яно ж і нецікавае было б. Але я катэгарычна не магу згадзіцца з тым, што Божая запаведзь — любіць Бога ўсім сэрцам, думкаю, розумам і воляю, а бліжняга свайго, як самога сябе — з’яўляецца схемай! Гэта — наказ нам. Скажам больш: гэта наша жыццёвая праграма. Ніколі нельга трактаваць словы Бога як схему. Не будзем забываць, што ўсе наказы, якія Бог даў чалавеку, паходзяць з Божае любові і напоўненыя гэтай любоўю. Яны дадзеныя нам для таго, каб мы не змарнавалі свайго жыцця, але маглі дасягнуць найвышэйшае мэты, якой з’яўляецца вечнае шчасце з Панам Богам у небе.
Безумоўна, выканаць Божы наказ нялёгка. Няма сумненняў, што калі мы будзем абапірацца толькі на ўласныя сілы, то не здолеем захаваць вернасць Пану Богу. Ён ведае пра гэта і таму заўсёды гатовы нам дапамагчы. Але праблема ў тым, што мы самі, калі сутыкаемся з нейкімі цяжкасцямі, замест таго, каб спадзявацца на Яго праз малітву, давер, пачынаем шукаць нейкага бакавога выйсця са становішча. Тлумачым сабе, што Божы наказ зацяжкі для нас, што мы апынуліся ў сітуацыі, з якой няма выйсця. Тым часам, усё выглядае трохі іначай. Бо менавіта нашыя слабасці часта бяруць верх над нашай вернасцю Богу, грэх трыумфуе над цнотай, пачуцці над цвярозым розумам, наша ўласнае «я» над воляю Бога. У сэрцы чалавека адбываецца барацьба паміж святлом і цемраю.
Ты, Жанна, пішаш, што да нядаўняга часу часта хадзіла ў касцёл, а цяпер «усё інакш», бо ты пакахала чалавека, які не верыць у Бога. Словы твае можна зразумець па-рознаму. Магчыма, ты перажываеш крызіс веры, занядбала сакрамэнтальнае жыццё і ў часе твайго аддалення ад Касцёла сустрэла чалавека, які не верыць у Бога, але які закахаўся ў цябе не без узаемнасці. А, магчыма, прычынай тваёй рэдкай прысутнасці ў касцёле стаў менавіта Віктар, з якім ты праводзіш час нават тады, калі трэба быць у касцёле. Магчыма, што крызіс веры, які ты перажываеш цяпер, калі пазнаёмілася з Віктарам, абвастрыўся і ўзмацніўся.
Каханне — цудоўнае пачуццё. Без яго чалавечае жыццё вяне і засыхае, як кветкі без сонца і вады. Але як у жыцці, так і ў каханні павінен быць парадак. Арыстоцель казаў пра тое, што любоў павінна жывіцца са сваёй жа крыніцы, бо калі крыніца высыхае, то і любоў заканчваецца. Для нас, хрысціянаў, крыніцай любові ёсць сам Бог. Таму, калі мы кахаем чалавека без Пана Бога, альбо калі ставім гэтага чалавека на месца Пана Бога, каханне не жывіцца са сваёй крыніцы. Раней ці пазней яно вычарпаецца.
Дарагая Жанна! Ці не падобнае тваё каханне на тое, пра якое толькі што ішла гаворка? Чаму я асмельваюся гэтак казаць? Бо тваё каханне з’яўляецца прычынай духоўнага разладу, які хістае тваю веру. Віктар як няверуючы чалавек, хоча ён таго альбо не, знаходзіцца ў апазіцыі да Бога. Ужо тое, што ён пасмейваецца з тваіх рэлігійных перакананняў, хоць ты і кажаш, што не злосна, гаворыць вельмі шмат. Не магу не падзяліцца сваім душпастырскім вопытам.
Не адзін ужо раз мне даводзілася чуць нараканні маладых маці на тое, як ставяцца да рэлігійнага выхавання іх дзяцей няверуючыя мужы. Многія з жанчын распавядаюць, як не збыліся іхнія дашлюбныя мары і спадзяванні на тое, што муж потым адумаецца, пачне верыць у Бога, разам з ёю хадзіць у касцёл. Пасля замужжа пачынаюцца новыя праблемы. Жанчыны прагнуць заставацца вернымі Пану Богу ў сужэнстве, не карыстаюцца ніякімі супрацьзачаткавымі сродкамі ў інтымным жыцці, бо гэта супярэчыць хрысціянскай этыцы. Але іх няверуючыя мужы прызнаюць іншую «этыку». I тут пачынаюцца сур’ёзныя непаразуменні. Прыгожыя мары аб бясхмарным каханні і ўзаемным разуменні знікаюць. Часам дарога любові ператвараецца ў крыжовую дарогу. Ёсць, вядома, жанчыны, якія настойваюць на сваім і не саступаюць перакананням мужоў, але для гэтага, вядома, трэба мець шмат сілы і мужнасці. Здараюцца выпадкі, калі няверуючы муж пераконваецца ў праваце жонкі, але ж не кожная жанчына здолее не адступіцца ад хрысціянскай этыкі.
У сённяшнім свеце, калі так распаўсюджана мадэль чалавечага жыцця без пашаны да Божага Права, вельмі цяжка застацца верным свайму хрысціянскаму пакліканню. Таму, выбіраючы спадарожніка жыцця, вернік павінен усведамляць усю адказнасць за тое, каб сумеснае жыццё станавілася з кожным днём штораз большым благаслаўленнем, а не пракляццем. Будучы «на хвалі» ўзнёслых пачуццяў, ніколі нельга забываць пра такое паняцце, як цнатлівасць да замужжа, а потым клапаціцца і аб сужэнскай чысціні. Ніколі нельга забывацца пра вялікую адказнасць за тых, хто прыйдзе на свет у гэтай канкрэтнай сям’і. Будучыня дзяцей залежыць ад маці і ад бацькі. Колькі ж потым можа з’явіцца праблемаў, калі дзеці, гледзячы на раўнадушнага да веры бацьку, захочуць браць з яго прыклад і паўстануць супраць маці, якая спрабуе навучыць іх маліцца альбо кліча пайсці разам на святую Імшу!
Таму, шаноўная Жанна, твая праблема нашмат глыбейшая, чымсьці можа здавацца на першы погляд. I не ўспрымай, калі ласка, касцёльны шлюб як спробу гвалту над перакананнямі свайго няверуючага хлопца. Шлюб — гэта ўзаемная прысяга, дадзеная адно аднаму ў прысутнасці святара, які прадстаўляе Езуса Хрыста. Ад няверуючага чалавека ў такім выпадку Касцёл патрабуе не дэкларацыі веры, але складання прысягі таму чалавеку, з якім заключаецца шлюб: «…абяцаю табе любоў, вернасць, пашану і тое, што не пакіну цябе ажно да смерці». У другой частцы формулы ёсць просьба да Пана Бога і Яго святых дапамагчы захаваць гэты шлюб. Як бачыш, у формуле прысягі няма нічога, што прымушала б няверуючага чалавека «ў часе шлюбу казаць няпраўду».
Зусім іншая сітуацыя складваецца для верніка, які прымае толькі грамадзянскі шлюб і не просіць Божага благаслаўлення праз касцёльны. Гэта ўжо супярэчыць усяму ўкладу хрысціянскага жыцця, бо той чалавек парушае Божыя запаведзі. Асабліва запаведзь «не чужалож». Такі чалавек жыве ў цяжкім граху з усімі ягонымі вынікамі. Не хачу нікога страшыць, але такая ёсць праўда, і яе трэба добра ўсвядоміць. I таму, Жанна, гэта не ты прымушаеш Віктара зрабіць тое, супраць чаго ён бунтуецца, але ён больш пасягае на твой выбар і чыніць гвалт над тваёю воляй, жадаючы, каб ты адступілася ад рэлігійных вартасцяў і перакананняў.
Святы Айцец Ян Павел II часта падкрэслівае, што любоў шмат ад нас вымагае. Таму не бойся, Жанна, дамагчыся свайго, калі ты ўпэўнена ў сваёй праваце. I ў першую чаргу не бойся вымагаць ад сябе захаваць вернасць Пану Богу і Яго слову. Тады і тваё каханне да чалавека будзе добрым, чыстым і прыгожым. Як жа надаюць сілы і моцы духа, як ратуюць ад непатрэбных цярпенняў словы, якія сказалі апосталы пасля Змёртвыхпаўстання Хрыста перад абліччам пераследу: «Больш трэба слухацца Бога, чым людзей» (Дз 5, 29)!
Айцец Марэк Жук МІС, ave-maria.by
для друку