- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Трапіць у Будслаў — у віртуальнай пілігрымцы школьнікаў з Нарачы

[1]Вучні Нарацкай сярэдняй школы №2 разам са сваімі педагогамі стварылі ўнікальны анлайн-праект — віртуальную пілігрымку ў Будслаў.

Духоўна-пазнавальны ролік ад школьнікаў з Нарачы змешчаны на youtube-канале мядзельскай раённай газеты «Нарачанская зара».

Паколькі пасля пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай да гэтага часу набажэнствы ў касцёле не праводзяцца, праект нарачанцаў дапамагае ўсім ахвотным прынамсі віртуальна дакрануцца да вялікай святыні нашага народа.

Як кажуць самі юныя стваральнікі 13-хвіліннага роліка, такім чынам яны хацелі ўкласці сваю духоўную цаглінку ў адбудову будслаўскага касцёла і даць магчымасць пабываць у Будславе, «не даехаўшы туды нейкіх там 60 кіламетраў».

Школьнікі апавядаюць пра гісторыю Будслаўскай святыні, пра звязаныя з ёю цуды, а таксама пра пілігрымкі на Будслаўскі фэст, прызнаны ЮНЕСКА часткаю нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Віртуальная пілігрымка завяршаецца аптымістычным развітаннем-пажаданнем маладзёнаў: «Да сустрэчы ў Будславе!»

Catholic.by [2]