- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Тэракт у Сіднеі: Святы Айцец накіраваў спачуванні

[1]

Праекцыя меноры на будынку Сіднейскага опернага тэатра ў памяць пра ахвяр тэракту

Леў XIV накіраваў спачуванні ў сувязі з тэрарыстычным нападам на яўрэйскую супольнасць Сіднея ў Аўстраліі, які адбыўся 14 снежня 2025 года і прывёў да гібелі шаснаццаці чалавек; некалькі дзясяткаў былі паранены.

“З глыбокім сумам даведаўшыся пра жахлівы напад, які адбыўся ў Сіднэі, у выніку якога загінулі члены яўрэйскай супольнасці, сабраныя на святкаванне Ханукі, Яго Святасць Папа Леў XIV запэўнівае ў сваёй духоўнай блізкасці ўсіх, хто пацярпеў ад гэтага бессэнсоўнага акту гвалту”, — гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна на імя арцыбіскупа Сіднея Энтані Фішэра.

“З адноўленай надзеяй на тое, што схільныя да гвалту навернуцца і стануць на шлях міру і салідарнасці, Яго Святасць моліцца аб выздараўленні тых, хто ўсё яшчэ аднаўляецца, а таксама аб суцяшэнні для тых, хто аплаквае страту блізкіх”, — падкрэсліваецца ў папскім пасланні.

Тэракт падчас святкавання Ханукі на пляжы Бандай у раёне Кэмпбэл-Парад здзейснілі два тэрарысты: адзін з іх быў забіты паліцыяй, а другі арыштаваны пры дапамозе бяззбройнага мясцовага жыхара. На цяперашні момант вядома пра шаснаццаць ахвяр, у тым ліку дзяцей. Сярод загінулых – два рабіны: Элі Шлангер і Якаў Левітан.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News