- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Сёстры салезіянкі адсвяткавалі 145-годдзе са дня заснавання Кангрэгацыі

[1]З 29 ліпеня па 5 жніўня сёстры салезіянкі з візітаторыі Усходняй Еўропы і Грузіі прынялі ўдзел у рэкалекцыях. Сярод іх былі і беларускія манахіні с. Люцыя, с. Валянціна, с. Вераніка і с. Дар’я.

Гэтыя дні духоўнага адпачынку і цішыні праходзілі ва Украіне ў вёсцы Берэгі, у кляштары сясцёр базыліянак. Ксёндз Марэк Хшан SDB, які прапаведаваў гэтыя рэкалекцыі, прапанаваў Дочкам Марыі Успамогі прайсці евангельскім шляхам Дзевы Марыі, паразважаць над яе цнотамі, каб разам з ёй аднаўляцца і ўзрастаць у веры.

Кожны дзень сёстры падчас канферэнцый «сустракалі» Марыю на новым месцы (напрыклад, Назарэт, Галілея, пад крыжам і г.д.), вучыліся слухаць волю Пана Бога, прымаць яе і служыць па прыкладу Марыі. Усё гэта складалі на алтары падчас святой Імшы і ў цішыні на адарацыі перад Найсвяцейшым Сакрамантам.

[2]

У апошні дзень рэкалекцый, 5 жніўня, сёстры святкавалі 145 гадоў са дня заснавання Кангрэгацыі, калі Марыя Дамініка Мадзарэлла разам з іншымі дзяўчатамі ў прысутнасці ксяндза Боско склалі свае першыя манаскія абяцанні. У гэты ж урачысты дзень с. Вераніка і с. Дар’я ў чарговы раз склалі манаскія абяцанні.

[3]

А на наступны дзень, 6 жніўня, усе сёстры мелі радасць прысутнічаць на ўрачыстай літургіі, падчас якой дзве маладыя сястры з Украіны с. Наталля Іванова і с. Хрысціна Кароль склалі свае першыя манаскія абяцанні. Яны з’яўляюцца першымі сёстрамі салезіянкамі грэка-каталіцкага абраду.

sdb.by [4]