- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Сярод вернікаў часам сустракаюцца людзі, якія абвяшчаюць хуткі канец свету. Чаму так адбываецца і як да гэтага ставіцца?

[1]“Сярод вернікаў часам сустракаюцца людзі, якія абвяшчаюць хуткі канец свету. Чаму так адбываецца і як да гэтага ставіцца?” Антаніна, 42 гады

На пытанне адказвае кс. Чэслаў Паўлюкевіч:

– Прадказанні канца свету – гэта доказ слабой веры і прысутнасці страху. “Не бойся” – менавіта гэты выраз сустракаецца ў Бібліі 365 разоў, нібы штодзённа заклікаючы да поўнага даверу Госпаду.  Калі чалавек адчувае, што Бог вядзе яго за руку, як бацька, ён цешыцца бяспекай і нішто яго не трывожыць.

У сваю чаргу Хрыстос сказаў: “А пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец” (Мк 13, 32). У іншым выпадку гэта было б прадказанне чалавека, а не Бога. У той жа час Езус папярэджвае, што існуюць знакі – прадвеснікі Апакаліпсісу. Напрыклад, войны, эпідэміі, стыхійныя бедствы. Гэтыя прыкметы могуць сведчыць аб тым, што мы жывём у апошнія часы, але гарантаваць, калі іменна прыйдзе Валадарства Божае – праз год ці 100 гадоў – яны не могуць.

У кожным выпадку, незалежна ад таго, наступіць канец свету заўтра ці праз паўстагоддзя, чалавек павінен быць да яго гатовы. А як да гэтага рыхтавацца, лепш за ўсё ілюструе гіcторыя св. Яна Боско. Аднойчы ён гуляў у футбол, і хлопчык, які ганяў разам з ім мячык, запытаўся: “Што б ты рабіў, калі б сёння надышоў канец свету?”. Той адказаў: “Далей гуляў бы ў футбол”.

Чыстае сумленне і жыццё ў гармоніі з Богам робіць чалавека вольным ад дарэмных хваляванняў.

grodnensis.by [2]