- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Святы Мікалай завітаў у Віцебскую катэдру

vicebsk_sw_mikalaj27 [1]6 снежня католікі ўсяго свету ўспамінаюць святога Мікалая.

На працягу многіх стагоддзяў гэты святы належыць да найбольш шанаваных святых у хрысціянстве.

Імя Мікалай азначае з грэчаскага – “пераможны народ”. У гэтага імя шмат аналагаў, што з’яўляецца таксама сведчаннем папулярнасці святога ва ўсім свеце. Святы Мікалай быў біскупам горада Міры (Дэмрэ) амаль да апошніх дзён свайго жыцця.

Зараз рэліквіі святога знаходзяцца ў італьянскім горадзе Бары ў базіліцы св. Мікалая.

У народнай каталіцкай традыцыі святы Мікалай лічыцца апекуном падарожных, дзяўчын на выданні, маракоў, рыбакоў, вязняў, пастухоў і асабліва дзяцей.

Па ўсім свеце распаўсюдзілася традыцыя рабіць падарункі дзецям у день успаміну святога Мікалая, 6 снежня.

Другі раз святы Мікалай ці Санта–Клаўс, як клічуць святога ў шматлікіх краінах, прыходзіць у госці да  людзей усяго свету на Каляды.

І ў гэтым годзе 6 снежня святы Мікалай таксама не абышоў стараной і Віцебскую катэдру. Ён завітаў у касцёл Езуса Міласэрнага на святочную Імшу з удзелам дзяцей. Усе хто прыйшоў на Імшу, а таксама і віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч, новы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Аніскевіч, ксёндз Ян Кароткін, сёстры–служабнічкі Ёнаша Мровец і Крысціяна Венгерска з вялікай радасцю сустрэлі святога Мікалая.

У дзень успаміну святога дзеці зладзілі невялікі канцэрт. А святы Мікалай адарыў усіх, як дзяцей так і дарослых, маленькімі падарункамі.

Анатоль  Бандарчук–Вошлаў, тэкст і фота