- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Святы Францыск

[1]Не паверыш, чытач! Вельмі рада пісаць для цябе сёння. У наш час так цяжка знайсці чалавека, з якім можна было б адкрыта і шчыра паразмаўляць пра нашага Бога. І чым старэйшым становіцца мой узрост (не хвалюйся, лічба пакуль не крытычная!), тым больш складана знайсці суразмоўцу ў пытаннях не рэлігіі ў цэлым, а адносінаў з нашым Добрым і Усемагутным Панам. Але такія людзі ў мяне ёсць. Бачымся мы нячаста, і я цаню кожную хвіліну, праведзеную разам. З тае пары, як стала пісаць для “Каталіцкага Весніка”, у мяне з’явіўся і ты, мой сябра-чытач, які штосьці знаходзіш у маіх артыкулах і, спадзяюся, дачытваеш іх да канца. Дык вось, мой даражэнькі аматар “закручаных” тэкстаў, сёння буду расказваць табе пра асобу, знаёмства з якой перавярнула аднойчы мой светапогляд, пра святога, якога я пакуль не зразумела да канца, але моцна люблю і працягваю пазнаваць, чытаю і разважаю пра яго. І малюся – не да яго, а як ён: прашу не прагнуць разумення, а разумець іншых, не шукаць любові да сябе, а любіць іншых.

У тым артыкуле, дзе мы плавілі золата, я абяцала распавесці, якое асаблівае месца займае для мяне святы Францыск. Сваё абяцанне я стрымліваю і расказваю табе пра “асізскага жабрака” ў кастрычніку.

Святы Францыск нарадзіўся ў 1181(2) г. у італьянскім горадзе Асізі. Яго бацькамі былі заможны гандляр тканінамі Пётр (П’етро) Бернардонэ і яго жонка Піка. Калі ў сям’і Бернардонэ нарадзіўся першынец, бацька быў на гандлярскім выездзе ў Францыі. Маці вырашыла хрысціць сына, не чакаючы вяртання мужа. Падчас хросту хлопчык атрымаў імя Ян (у гонар Яна Хрысціцеля), але вярнуўся бацька і назваў сына Францыскам (італ. Francecso – “Французік”), каб падкрэсліць свае добрыя адносіны да краіны, з якой меў гандлёвыя сувязі.

Бацькі далі сыну добрую адукацыя, якая павінна была падрыхтаваць яго да гандлярскага рамяства. Яны прывівалі яму таксама пачуццё гонару і асабістай годнасці. Францішак удзельнічаў у гульнях і забавах разам з равеснікамі. За вясёлы характар хлопца любілі ў яго асяроддзі. Яму падабалася жартаваць і весела спяваць, з ахвотай апранаў ён найлепшае адзенне. Марыў стаць рыцарам, сябраваў з сынамі іншых багатых і вядомых сем’яў, вёў вясёлае, бесклапотнае і марнатраўнае жыццё.

Юнак з “залатой моладзі”, мажор з вясёлым норавам і лідарскімі якасцямі сустрэў аднойчы Жывога Бога і пачуў Яго заклік у касцёле св. Дам’яна: “Францыск, ці не бачыш, як зруйнаваны мой касцёл? Ідзі і адбудуй яго!” Зразумеў яго літаральна і стаў адбудоўваць зруйнаваныя святыні вакол Асізі: збіраў каменне і прасіў дапамогі ў працы над аднаўленнем касцёла св. Дам’яна, капліц св. Пятра і Маці Божай Анёльскай. Апошнюю Францыск назваў Парцыункалай (ад лац. “маленькая частка”), яна стане пасля калыскай ордэна францішканаў і месцам, дзе прайшлі апошнія гадзіны святога.

Ад свайго навяртання ў 24-гадовым узросце да смерці ў 45 гадоў святы Францыск прайшоў складаны шлях ад зямных дробязей да поўнага аддання сябе Богу. 14 верасня 1224 г. на гары Альверна падчас саракадзённага посту перад урачыстасцю св. Міхала Арханёла Хрыстос з’явіўся Францыску і падарыў яму ласку стыгматаў. Такім чынам, Францыск за два гады да сваёй смерці стаў першым у гісторыі Касцёла стыгматыкам. Ён меў усе пяць ран Хрыста, і яго часта называюць Alter Christus – Другім Хрыстом.

Францыск – адзін з самых папулярных каталіцкіх святых, якім захапляюцца не толькі католікі. Ён лічыцца найбольш вядомым святым нават сярод нявернікаў. Францыска называюць першым хіпі, рэвалюцыянерам і рэфарматарам Касцёла, рамантычным героем. Насамрэч, у яго жыцці не было нічога асаблівага, ён проста кіраваўся Евангеллем і стараўся быць падобным да Езуса. Любіў прыроду, хваліў Пана і захапляўся Яго стварэннямі, дапамагаў пракажоным, цаніў беднасць, сціпласць, братэрства, змагаўся са спакусамі цела, захоўваў суровыя пасты, цешыўся з малітваў і з прабывання разам з Панам, быў простым і радасным.

Так я сцісла расказала табе, чытач, біяграфію святога Францыска. Я слаба веру, што ў мяне атрымалася годна перадаць табе асобу гэтага неардынарнага святога (гэта наўрад ці можна зрабіць у адным артыкуле), таму паспрабую расказаць, як знаёмства з ім адлюстравалася і працягвае адлюстроўвацца на маім жыцці – рэальным жыцці рэальнай хатняй гаспадыні з мужам, дзецьмі і абавязкамі ў нашай краіне ў наш час (гэта, магчыма, атрымаецца ў мяне лепш).

Мне было 15, калі ў маім жыцці з’явіўся францішканін айцец Лех. Я ўжо пісала пра гэта, не буду паўтарацца. Скажу толькі, што ў той час я лічыла, што галоўнае ў жыцці – гэта здароўе (пад уздзеяннем старэйшага пакалення сям’і) і добра, вельмі добра вучыцца ў школе. Усё астатняе не так важна і можа быць па-любому, галоўнае, гэтыя дзве “каштоўнасці” не страціць. Так, быў яшчэ індывідуалізм (пра гэта нават дзіўна зараз успамінаць, цяпер у мяне вялікая сям’я, і асабістай тут можа быць толькі думка), шчырая ўпэўненасць, што кожны сам за сябе, нельга нікому давяраць, сорамна ў кагосьці штосьці прасіць, трэба рабіць усё самой (па магчымасці ідэальна) і самой адказваць за свае ўчынкі.

І тут прыйшоў просты францішканін, які стаў задаваць пытанні і дзяліцца сваёй верай і сваім святым Францыскам. Як гэта адбывалася, не буду зараз расказваць, скажу толькі, што з гэтага атрымалася.

Мне 32, я спакойны і радасны чалавек. Я паставіла Пана Бога на першае месца, і тая ўнутраная свабода, якая ад гэтага паявілася, не можа не радаваць мяне. Я не баюся пра штосьці прасіць і сама ахвотна дапамагаю людзям, проста прашу і проста дапамагаю. Я часта думаю пра паняцці братэрства, таварыства, супольнасці і накладваю іх на маё жыццё – на сям’ю, сяброў, бацькоў аднакласнікаў маіх дзяцей, суседзяў, пасажыраў тралейбуса, у якім еду, на ўсе мае сувязі стараюся глядзець праз прызму братэрства і супольнасці. Мне здаецца, я добры і адчувальны чалавек, занадта добры і адчувальны для нашага часу, як кажуць, але я з гэтым не змагаюся.

Я не баюся нічым заразіцца, не баюся публічных месцаў, вялікай колькасці людзей, не баюся чужых прадметаў і стасункаў з незнаёмымі людзьмі, люблю простую ежу і простыя ўмовы. І я моцна люблю святога Францыска: як сябра, як асобу – харызматычную і непасрэдную, як прыклад веры і любові да Бога. Мне здаецца, што сярод рэчаў, якія адрозніваюць мяне ад тысяч іншых хатніх гаспадынь з мужам, дзецьмі і абавязкамі, ёсць і мой досвед святога Францыска.

Зараз некалькі момантаў, без якіх я проста не магу скончыць свой артыкул. Датычацца яны беднасці “слаўнага сына Асізі” і неардынарнасці яго натуры. Без іх святы Францыск не быў бы да канца самім сабой і не падабаўся б мне так моцна.

Спачатку Францыск жыў разам са сваімі братамі, аднак “в скиту ему было недостаточно одиноко”, таму браты (!) пабудавалі для Францыска асобнае памяшканне, каб ніхто не парашкаджаў іх пакорліваму айцу хваліць Пана Бога і размаўляць з Ім сам-насам.

Калі здароўе пачало падводзіць Францыска (суровыя пасты і жорсткасць да цела зрабілі сваю справу), клопаты пра сваё цела ён перадаў чатыром (!) братам –“были это мужи доблести, Господу преданные, святым угодные и людям любезные, и на них, словно дом на четырех столбах, утвержден был святой отец Франциск”.

І самая кранальная для мяне – гісторыя пра спадарыню Джакому і яе ласунак, якім яна аднойчы частавала Францыска падчас хваробы. Калі Францыск зразумеў, што хутка прыйдзе да яго сястра Смерць, папрасіў братоў перанесці яго ў царкву Маці Божай Анёльскай. Там ён паклікаў аднаго з братоў і прадыктаваў ліст да знакамітай рымскай пані, у якім прасіў яе паспяшацца, калі хоча ўбачыць яго жывым. “И принеси с собой ткань для власяницы, чтобы обернуть тело мое, и свечи, потребные для погребения. И еще, прошу, принеси мне того лакомства, каким угощала ты меня, когда я хворал в Риме”, – вось апошнія радкі гэтага ліста, які так і застаўся недапісаным. Пакуль “сказывал он это письмо”, Пан Бог адкрыў яму, што пані Джакома ідзе да яго, ужо побач, і нясе з сабой тыя рэчы, пра якія ён просіць. Тады Францыск сказаў брату, каб перастаў пісаць, бо ў гэтым ужо няма неабходнасці, але не растлумачыў усім прычыну, ад чаго браты дзівіліся і стаялі разгубленыя. Неўзабаве ў дзверы манастыра пастукалі, хтосьці з братоў адчыніў – і вось на парозе спадарыня Джакома, “благороднейшая дама Рима” з двума сынамі-сенатарамі і безліччу коннікаў. І засталася там спадарыня аж да смерці святога і да яго пахавання, “сотворила она ему великие погребальные почести со всеми своими людьми”, і ўсе выдаткі аплаціла. Так наш пакорлівы “асізскі жабрачок”, які памёр на голай зямлі без адзення, быў пахаваны з вялікай павагай і дастатковай пышнасцю за кошт багатай рымскай пані.

Паводле майго першага сцэнара напрыканцы артыкула я збіралася паведаміць табе, чытач, што не вельмі люблю падарожнічаць, не чакаю асаблівых уражанняў ад новых краін і славутых мясцін, але сярод краін і гарадоў, у якіх ёсць патрэба і моцнае жаданне пабываць, на першым месцы ў мяне Італія і Асізі. Я планавала расказаць, як абавязкова патраплю ў Асізі, прайду сцежкамі святога Францыска і дакрануся да храмаў, каторыя адбудоўвалі яго святыя рукі. Думаю, што дзесьці там я ўсё ж такі здыму абутак і адчую цяпло зямлі, якая падарыла свету Другога Хрыста.

Аднак я не ўпэўнена, што калі-небудзь там пабываю, баюся, што не адчую там прысутнасці святога (можа быць і такое) і не ведаю, здыму я там абутак ці разгублюся, забудуся на гэту сваю мару або не дачакаюся адпаведнага моманту, і ўсе мае апісанні застануцца тады прыгожымі словамі, якія існуюць толькі на паперы. Таму я скончу мой артыкул пра святога Францыска апісаннямі нязначных падзей, якія ўжо адбыліся ў маёй сям’і падчас працы над гэтым тэкстам.

Я выконвала свае шматлікія абавязкі, трэба было займацца дзецьмі, але даведацца больш пра святога Францыска мне вельмі хацелася, таму я вырашыла сумясціць прыемнае з карысным – запрасіла мужа і сына паглядзець са мной фільм “Брат Солнце, сестра Луна” Франка Дзефірэлі (ім нават спадабалася) і чытала дзецям гісторыі пра Францыска, калі ўкладвала іх спаць. Раней я не заўважала, каб ім падабаліся такія аповеды. А тут не толькі зацікавіліся, але і палюбілі. Мая пяцігадовая дачка цяпер ведае, чаму брата Леа Францыск называў братам Ягня, чаму жаваранкі, якія з адкідаў здабываюць сабе ежу і спевам сваім праслаўляюць Пана, так падабаліся святому, і як гэтыя сціплыя птушкі развітваліся з ім увечары 3 кастрычніка. А мая маленькая, што нядаўна прыставала да мяне з Пеўнікам і Коцікам-брацікам, цяпер пераключылася на Францыска і брата Воўка. І калі ў нас дойдзе да разыгрывання па ролях, Францыска я вазьму на сябе.

Аксана Нядвецкая