- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Святы Айцец адзначаны Ордэнам Усмешкі

order_usmiechu [1]Папа Францішак адзначаны міжнародным дзіцячым Ордэнам Усмешкі, паведаміў Міжнародны капітул* Ордэна Усмешкі. «Ён адкрыты для дзяцей і мы заўсёды можам на яго разлічваць», — пераконвалі дзеці, якія папрасілі аб гэтай узнагародзе для Францішка.

Як паведамляе gosc.pl [2], на вясновым пасяджэнні Міжнародны капітул Ордэна Усмешкі прыняў шэсць новых прызначэнняў. Просьбу аб узнагародзе для Папы Рымскага склалі польскія дзеці. Адна з просьбаў — ад імя 21-месячнай Юліі – менавіта яе бацькоў. «Папа Францішак — чалавек вельмі сціплы, а разам з тым і чалавек вялікага сэрца (…) Дзякуючы яму наша дачка вырасце здаровай. Фінансавая дапамога Папы дала ёй магчымасць хадзіць уласнымі ножкамі», — напісалі яны.

У сваіх лістах дзеці падкрэслівалі, у прыватнасці, што «Святы Айцец любіць кожнага чалавека, сцвярджае, што асаблівай павагай трэба акружаць дзяцей. Папа такі мілы, калі хто-небудзь хоча ад яго дапамогі, то ён яе атрымае, а асабліва дзіця. Мы перакананыя, што калі б хтосьці з нас меў патрэбу ў дапамозе, то ён бы нам не адмовіў».

Дзеці, якія падалі прашэнне на Ордэн Усмешкі для Папы, нагадалі таксама і тое, што ён аддаў на аўкцыён матацыкла Харлей-Дэвідсан, прызначыўшы сродкі ад продажу на дапамогу дзецям з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дафінансаваў кошт закупкі ліфта ў пачатковую школу і гімназію «Заўсёды разам» у Познані, падарыў аўтаручку і швейцарскі гадзіннік для аўкцыёну фонду Ганны Дымнай «Насуперак усяму», а за тры гады свайго пантыфікату двойчы прыняў удзел у акцыі «Высакародная пасылка».

«Папа Францішак пратэстуе супраць пераследу дзяцей-альбіносаў у Афрыцы. Відаць, што для яго дзеці — самыя важныя. Ён заступаецца за дзяцей, якіх б’юць і кідаюць. Ён не лічыць, што даросламу ўсё можна. (…) Ён клапоціцца не толькі аб матэрыяльных рэчах, але і пра духоўнае жыццё; размаўляючы з дзецьмі, спасылаецца на сутнасць быцця лепшым і дапаможным, на ўзор Езуса. Ён адкрыты для дзяцей і мы можам на яго разлічваць», — пісалі дзеці ў абгрунтаванні сваіх уяўленняў.

Капітул пастанавіў, што Папа Францішак атрымае Ордэн Усмешкі па пасведчанні нумар 1000.

Гэтым ордэнам адзначалі таксама і св. Яна Паўла II. Папа прыняў гэты ордэн, хоць у цэлым ён адмаўляўся ад любых узнагарод. Ян Павел II быў 267-м кавалерам, па просьбе сляпых дзяцей з Кракава і Лясэк, якая была напісана шрыфтам Брайля.

Капітул Ордэна Усмешкі — адзінай узнагароды, якую прызначаюць па просьбе дзяцей, — збіраецца двойчы ў год, восенню і вясной. На кожным пасяджэнні вызначаюцца некалькі ўзнагарод. Штогод капітул атрымлівае ад некалькіх сотняў да тысячы просьбаў.

Ордэн Усмешкі прызначаюць з 1968 года. З просьбамі могуць звяртацца толькі асобы, маладзейшыя за 18 гадоў.

Да кавалераў Ордэна Усмешкі адносяцца таксама, сярод іншых, Далай-лама XIV, Маці Тэрэза з Калькуты, кс. Ян Твардоўскі, жонка эміра Катара, кароль Саудаўскай Аравіі. Самым маладым кавалерам ордэна стаў у 1994 годзе 23-гадовы тады Марэк Міхаляк — цяперашні спікер правоў дзіцяці і канцлер Міжнароднага капітула Ордэна Усмешкі. Найстарэйшым чалавекам у спісе ўзнагароджаных стала 97-гадовая Ірэна Сэндлер у 2007 годзе.

Узнагароджаны прымае маленькі ордэн з выявай вясёлага жоўтага сонейка, чырвоную ружу і павінен выпіць келіх свежага цытрынавага соку з усмешкай і не зморшчыцца. Гэтай цырымоніі прытрымліваюцца і па сённяшні дзень.

Piotr Fronczewski [3]

Пётр Франчэўскі, польскі акцёр тэатра і кіно, атрымлівае Ордэн Усмешкі, 2015 год

У 2006 годзе Ордэн Усмешкі быў уручаны адзінаму з беларусаў — артысту Гродзенскага тэатра лялек і спеваку Віктару Шалкевічу.

*Капітул — гэта міжнародная рада, якая засядае ў Варшаве і выбірае лаўрэата Ордэна Усмешкі.