[1]Святы Пасад ініцыюе кліматычны дыялог у Вене: эксперты з усяго свету збяруцца абмеркаваць будучыню планеты.
Вена на два дні стане цэнтрам сусветнай барацьбы з кліматычным крызісам. Менавіта тут 28-29 жніўня 2025 года Папскія акадэміі навук і сацыяльных навук збяруць навукоўцаў, палітыкаў і экспертаў, каб знайсці адказы на самыя гарачыя кліматычныя выклікі сучаснасці.
«Ад крызісу да ўстойлівасці: еўрапейскі шлях да кліматычнай раўнавагі» – пад гэтым дэвізам удзельнікі саміту разгорнуць дыскусію ў гістарычных залах Аўстрыйскай акадэміі навук. Сярод ганаровых гасцей – кардынал Пітэр Тарксан, які адкрые форум як канцлер абедзвюх Папскіх акадэмій, і старшыня Папскай акадэміі навук Ёахім фон Браўн.
Саміт у Вене – не адзінкавая падзея, а працяг глабальнай ініцыятывы, распачатай у Ватыкане ў маі 2024 года прыняццем «Сусветнага закліку да дзеянняў на карысць устойлівасці да змены клімату». Ватыканскія акадэмікі абралі Вену першым еўрапейскім прыпынкам у серыі кліматычных дыялогаў, якія ахопяць усе кантыненты.
Што хвалюе экспертаў? Раставанне альпійскіх леднікоў, рызыкі для прыбярэжных гарадоў, новыя выклікі для сельскай гаспадаркі і харчовых сістэм – гэтыя і іншыя праблемы будуць у цэнтры ўвагі.
Вынікам працы стануць не проста дэкларацыі, а канкрэтныя рашэнні для гарадоў і рэгіёнаў, якія сутыкаюцца з кліматычнымі зменамі. Прапановы з Вены ўвойдуць у агульную стратэгію, якая будзе прадстаўлена на заключным глабальным саміце ў Ватыкане ў 2026 годзе.
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News [2]