Святы Пасад выдаў дэкрэт аб перакладзе літургічных кніг

У Ватыкане быў падрыхтаваны дакумент, які тлумачыць парадак рэалізацыі зменаў у Кодэксе кананічнага права, якія тычацца перакладу літургічных кніг на мясцовыя мовы.

Дэкрэт Postquam Summus Pontifex, абнародаваны 22 кастрычніка 2021 г. Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў, пакліканы дапамагчы епіскапатам у выкананні гэтай задачы.

Дакумент тлумачыць і інтэрпрэтуе нормы і працэдуры, якія тычацца перакладу літургічных кніг і іх адаптацыі, а таксама ўказвае на некаторыя змены, якія павінны быць унесены ў новыя выданні ў адпаведнасці з 40-м пунктам канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабора Sacrosanctum Concilium.

У інтэрв’ю Vatican News прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, арцыбіскуп Артур Рошэ, нагадаў, што змены ў Кодэкс кананічнага права былі ўнесены Святым Айцом у верасні 2017 года Апостальскім лістом Magnum Principium. Іх галоўная мэта – спрыяць лепшаму супрацоўніцтву паміж епіскапатамі і Апостальскай Сталіцай у справе зацвярджэння перакладаў літургічных кніг.

Іерах заўважыў, што рэформа Папы Францішка мае на мэце “падкрэсліць адказнасць і кампетэнцыю біскупскіх Канферэнцыі як пры ацэнцы і зацвярджэнні літургічных адаптацыі для тэрыторыі, што знаходзіцца пад іх юрысдыкцыяй, так і ў адносінах падрыхтоўкі і зацвярджэння перакладаў літургічных тэкстаў”.

У сваю чаргу Кангрэгацыя адказвае за разгляд (recognitio) апаптацый, ухваленых епіскапатамі, і пацвярджэнне (confirmatio), зробленых імі перакладаў. Арцыбіскуп Рошэ падкрэсліў, што “ў аснове ўсіх гэтых змен знаходзіцца жаданне наблізіць Божы народ да літургіі, а літургію да Божага народа”.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі