Дыкастэрыя веравучэння канчаткова прызнала меркаваныя аб’яўленні ў французскім Дазуле не звышнатуральнымі. Рашэнне было зацверджана Папам Львом XIV 3 лістапада 2025 года.
У лісце за подпісам прэфекта, кардынала Віктара Мануэля Фернандэса, апублікаваным 12 лістапада 2025 года, паведамляецца, што Дыкастэрыя веравучэння ўпаўнаважыла біскупа Баё-Лізьё Жака Абэра выдаць адпаведны дэкрэт.
Гаворка ідзе пра падзеі 1972-1978 гадоў у французскім мястэчку Дазуле, дзе, паводле сцвярджэнняў Мадлен Амон, ёй 49 разоў аб’яўляўся Езус. У пасланнях утрымлівалася патрабаванне пабудаваць велізарны светлавы “Хвалебны Крыж” вышынёй 738 метраў, які нібыта гарантаваў бы адпушчэнне грахоў і збаўленне ўсім, хто да яго наблізіцца.
Святы Пасад патлумачыў праблематычныя аспекты пасланняў з Дазуле
Дыкастэрыя падкрэсліла, што некаторыя элементы меркаваных пасланняў несумяшчальныя з каталіцкай дактрынай. Напрыклад, сцвярджэнне, што пакаянне ля падножжа гэтага канкрэтнага крыжа гарантуе збаўленне, супярэчыць вучэнню Касцёла аб збаўленні, ласцы і сакрамэнтах.
Таксама праблематычным з’яўляецца параўнанне крыжа ў Дазуле з крыжам у Іерусаліме, што “рызыкуе зблытаць знак з таямніцай”. Акрамя таго, некаторыя “прароцтвы” былі абвергнутыя фактамі. Напрыклад, паведамлялася, што крыж павінен быў быць пабудаваны да канца 1975 года, бо гэта будзе “апошні Святы год”, у той час як пасля яго Касцёл адзначыў яшчэ чатыры.
Яшчэ ў 1980-х гадах мясцовыя біскупы выказвалі негатыўнае стаўленне да падзей, указваючы на фанатычную прапаганду і адсутнасць павагі да касцельнай улады з боку прыхільнікаў культу. Цяперашні біскуп прапанаваў Дыкастэрыі апублікаваць “дэкларацыю аб незвышнатуральнасці”, што і было канчаткова зроблена.
Дыкастэрыя нагадала пра сапраўднае значэнне крыжа ў жыцці верніка
У лісце Дыкастэрыі адзначаецца, што “крыжу не патрэбна 738 метраў сталі або бетону, каб быць распазнаным: ён узвышаецца кожны раз, калі сэрца пад дзеяннем ласкі адкрываецца на прабачэнне”. Калі хрысціянін ушаноўвае крыж, ён “адаруе не дрэва ці метал”, а Таго, Хто аддаў на ім сваё жыццё.
Касцёл перасцерагае ад любой формы “сакралізацыі знака”, якая вядзе да ўспрымання матэрыяльнага аб’екта як абсалютнай гарантыі збаўлення.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News
