[1]18 верасня 2025 года Леў XIV прызначыў ксяндза Міраслава Вахоўскага, дасведчанага ватыканскага дыпламата, апостальскім нунцыем у Іраку, краіне, якая застаецца ў цэнтры ўвагі Святога Пасада з прычыны складанай палітычнай сітуацыі і пагроз для хрысціянскай супольнасці.
«Гэта Касцёл, які захаваў веру не толькі ў перыяды росквіту, але і стаўшы Касцёлам пакутнікаў», — адзначыў ксёндз Вахоўскі, спасылаючыся на цяжкія выпрабаванні іракскіх хрысціян, чыя колькасць рэзка скарацілася пасля вайны 2003 года і наступных рэлігійных пераследаў.
Новапрызначаны нунцый падкрэсліў асаблівую ролю хрысціян у Іраку: «Яны высока цэняцца як уладамі, так і грамадствам, бо з’яўляюцца стабілізуючым фактарам у краіне, якая часта раздзіраецца канфліктамі».
На пытанне пра свае адчуванні ксёндз Вахоўскі адказаў з пакорай: «З вёскі на польскіх Мазурах Пан Бог паклікаў да святарства хлопца без асаблівых талентаў. Я прымаю гэтую місію, спадзеючыся больш на Яго ласку, чым на мае абмежаваныя здольнасці».
Місія ў Іраку набывае для яго асаблівае значэнне: «У юнацтве, прымаючы сакрамэнт канфірмацыі, я выбраў імя Тамаш, думаючы пра апостала Тамаша… а цяпер Бог пасылае мяне як біскупа туды, дзе вера была прынесена менавіта святым Тамашам».
У сваёй новай ролі арцыбіскуп-намінант Вахоўскі бачыць не толькі дыпламатычную функцыю, але перш за ўсё духоўную місію. «Кожны апостальскі нунцый – гэта прадстаўнік Святога Айца, чыё служэнне павінна паглыбляць еднасць паміж мясцовым Касцёлам і Рымам», — падкрэслівае ён.
Дзякуючы нунцыю вернікі могуць адчуваць блізкасць Папы, а Святы Айцец атрымлівае інфармацыю пра радасці і клопаты вернікаў. «Нунцый прадстаўляе Святога Айца перад грамадзянскімі ўладамі, садзейнічаючы годнасці чалавечай асобы, універсальным правам чалавека і працуючы дзеля міру як у краіне служэння, так і ва ўсім свеце», — дадаў ксёндз Вахоўскі.
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News [2]