Аслабленне кагнітыўных здольнасцяў не азначае змяншэння чалавечай годнасці пажылых людзей, — нагадаў прадстаўнік Святога Пасада пры ААН у Жэневе.
9 верасня 2026 года ў рамках 63-й чарговай сесіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе адбыўся інтэрактыўны дыялог па сітуацыі з правамі пажылых людзей з кагнітыўнымі парушэннямі. У ім прыняў удзел арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе.
Прадстаўнік Святога Пасада нагадаў пра сур’ёзную рызыку таго, што людзі з парушэннямі кагнітыўных здольнасцяў усё часцей становяцца аб’ектамі рашэнняў іншых людзей. Ён падкрэсліў, што фундаментальная годнасць кожнага чалавека не набываецца, не заслужваецца і не патрабуе абгрунтавання здольнасцямі. Свядомасць, інтэлект або здольнасці цалкам не вызначаюць чалавека. Гэтыя якасці могуць аслабнуць або нават знікнуць, аднак чалавечая годнасць не знікае разам з імі.
Прызнанне гэтай годнасці адбываецца, перш за ўсё, у сям’і і грамадстве, дзе кожнага чалавека слухаюць і падтрымліваюць. У такім асяроддзі пажылыя людзі з кагнітыўнымі парушэннямі не ўспрымаюцца як цяжар, ад якога трэба пазбавіцца, а наадварот, лічацца каштоўнымі членамі грамадства, — адзначыў арцыбіскуп Балестрэра.
Годнасць чалавека дадзеная Богам. Наша слабасць і залежнасць ад іншых не адмаўляюць гэтай годнасці, хутчэй, з’яўляюцца праяўленнем чалавечага стану, — дадаў прадстаўнік Святога Пасада. Мера чалавечнасці вызначаецца не тым, чаго чалавек здольны дасягнуць, але яго здольнасцю дазваляць любіць сябе і, калі неабходна, прымаць дапамогу, — нагадаў словы Льва XIV арцыбіскуп Балестрэра.
Пажылыя людзі з кагнітыўнымі парушэннямі захоўваюць свае правы і ажыццяўляюць іх, у тым ліку пры падтрымцы іншых людзей, сям’і і супольнасці. Адказам павінна быць не замена волі чалавека рашэннямі іншых, а дыялог, разуменне і суправаджэнне. Такі падыход дазваляе пажылым людзям заставацца актыўнымі членамі грамадства, здольнымі не толькі атрымліваць падтрымку, але і ўносіць свой уклад у жыццё супольнасці, — падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада.
Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]
