[1]12 жніўня вёска Дзеркаўшчына на Глыбоччыне сабрала юных католікаў з трох парафій, каб разам праславіць Бога, пазмагацца ў спаборніцтвах і адчуць сапраўднае братэрства. Сёлетняя Парафіяда, якая ўжо восьмы раз аб’ядноўвае дзяцей і моладзь Віцебскай дыяцэзіі, прайшла пад дэвізам “Святы Францішак, вядзі нас да Хрыста!”. Удзел у ёй прынялі каманды з Глыбокага, Германавічаў і гаспадары – дзеркаўшчынцы.
Супольнасць, якую не зламаць
Распачалося мерапрыемства святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У сваім прывітальным слове ардынарый падкрэсліў, што Парафіяда – гэта не проста гульні і конкурсы: “Гэта вельмі важнае мерапрыемства, каб адчуць сяброўскае плячо бліжняга, адчуць дух каманды, адчуць прысутнасць Езуса сярод нас”.
У гаміліі біскуп звярнуўся да вядомай прытчы пра пруты, якая найлепш перадае сэнс супольнага быцця. Адзін бацька папрасіў сваіх сыноў зламаць па аднаму пруціку – кожны лёгка справіўся з гэтым. А калі ён звязаў пруты разам, ніхто не змог разбурыць гэтай сувязі. “Вось гэта важна, – звярнуўся да ўдзельнікаў біскуп Алег. – Калі мы штосьці робім разам і звязвае нас у супольнасць, то нельга нас “зламаць”. Таму Езус і кажа, што “дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх”. Езус ёсць тым, хто звязвае людзей і дазваляе ім быць разам, каб іх не зламаць”.
Таленты без межаў
Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі перайшлі да творчай часткі, якая ў гэтым годзе была прысвечана святому Францішку Асізскаму. У катэгорыі “Тэатр” каманды прадставілі свае візітныя карткі. Дзеркаўшчынцы падзяліліся вопытам дзейнасці Францішканскага ордэна свецкіх у сваёй парафіі, глыбачане расказалі пра заснаванне і служэнне сясцёр францішканак Сям’і Марыі ў Глыбокім.
Асаблівым выпрабаваннем стала пантаміма “Бог ёсць Любоў!” – мастацтва без слоў, зразумелае кожнаму без перакладу. Юныя артысты паказалі, што сапраўдная вера не мае моўных бар’ераў. Завяршылася творчая частка сакральнымі спевамі “Праслаўлены будзь Пане” і “Каралева супакою”.
Святы Францішак – сучасны герой
Цікавай і нечаканай стала канферэнцыя, якую прамовіў кс. Славамір Самковіч, пробашч з Пагошчы. Святар знайшоў асаблівы падыход да дзяцей і моладзі, пераклаўшы жыццё святога Францішка на зразумелую сучасную мову. Ён засяродзіў увагу на тэме любові і прабачэння – менавіта ў гэтым, па словах святара, заключаецца сэнс шляху святога Францішка да Бога.
“Не бойцеся цяжкасцей і выпрабаванняў у жыцці, – заахвоціў кс. Славамір. – Бо не адзін святы не нарадзіўся ідэальным і адразу святым. Усё ў вашых руках. Святымі не нараджаюцца, святымі становяцца”.
Веды, творчасць і спорт
Праграма Парафіяды была насычанай і разнастайнай. Падчас конкурсу ведаў адны ўдзельнікі адказвалі на пытанні па Евангеллі паводле апостала Яна, іншыя спаборнічалі ў дасведчанасці пра жыццё святога Францішка Асізскага, а самыя таленавітыя малявалі яго ў служэнні.
Не абышлося і без спартыўных спаборніцтваў. З-за невялікай колькасці ўдзельнікаў было вырашана скараціць колькасць дысцыплін, але гэта не паменшыла запалу. Юныя спартсмены змагаліся ў настольным тэнісе і пляжным валейболе, паказваючы не толькі фізічную сілу, але і камандны дух.
Залатыя кубкі і сардэчная падзяка
Усе ўдзельнікі атрымалі ганаровыя граматы, а пераможцы ў катэгорыях – дыпломы і памятныя кубкі. У агульным заліку перамогу атрымала каманда з Глыбокага, якая ў падарунак атрымала сертыфікат на 1000 рублёў. Але галоўнай узнагародай для ўсіх сталі новыя знаёмствы і радасць супольнай справы.
На заканчэнне арганізатар парафіяды кс. канонік Валерый Орсік шчыра падзякаваў усім, хто далучыўся да падрыхтоўкі і правядзення свята. Словы ўдзячнасці гучалі ў адрас парафіян за малітоўную падтрымку і ўпрыгожванне святыні, гаспадынь – за смачныя пасілкі, аніматараў – за арганізацыю спаборніцтваў, духоўных асоб – за падрыхтоўку канкурсантаў. І, канешне, самім удзельнікам – за прысутнасць, дух сяброўства, падтрымку і актыўны ўдзел.
Завяршыўся дзень адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманта – удзельнікі падзякавалі Езусу за гэты прыгожы дзень са святым Францішкам, за новыя знаёмствы і спаборніцтвы, за дух каманды. Крыху стомленыя, але з радасцю і новымі эмоцыямі, яны раз’ехаліся па хатах, каб праз год зноў сустрэцца на Парафіядзе – ужо дзявятай па ліку.
Марына Сінкевіч



























































