[1]Айцу Піа таксама прыйшлося перажыць адну з пандэмій, падчас якой памерла шмат людзей. Людзі пісалі да яго лісты, прасілі парады. Ён адказваў, маліўся і ахвяраваў сваё жыццё ў інтэнцыі спынення пандэміі.
Улетку 1918 года ў Італіі пачалася эпідэмія іспанкі. Усе школы і прадпрыемствы былі зачыненыя. Гэта быў жудасны час, бо, здавалася, што немагчыма пазбегнуць гэтага смяротнага вірусу. Шматлікія італьянцы, спалоханыя гэтай сітуацыяй, пачалі звяртацца да айца Піа.
У верасні 1918 года амаль усе жыхары Сан Джаванні Ратонда захварэлі на іспанку. Усё было зачынена. У наступныя некалькі месяцаў дзвесце з дзесяці тысяч жыхароў памерлі.
Біяграфічнае выданне “Айцец Піа: Праўдзівая гісторыя” утрымлівае апісанне рэакцыі святога містыка на пандэмію, якая ахінула ўвесь свет і апісвае парады, якія ён даваў. Перапалоханыя людзі звярталіся да яго, молячы выратаваць іх. У адным з лістоў, накіраваных Ніне Кампаніле, ён напісаў наступнае: “Ніколі не бойцеся. Аддайце сябе пад апеку Маці Божай, не грашыце, і хвароба вас не адалее”. І сапраўды так адбылося. Некаторыя духоўныя дочкі святога з Петральчыны захварэлі на іспанку, але ніводная з іх не памерла.
Айцец Піа ўжо раней ахвяраваў сваё жыццё ў інтэнцыі спынення вайны, а таксама за хлопцаў, якія навучаліся ў каледжы, дзе ён на той час быў дырэктарам. Але 17 верасня ён ізноў ахвяруе сваё жыцце ў інтэнцыі спынення пандэміі іспанкі. Неўзабаве, 20 верасня 1918 года, айцец Піа атрымаў стыгматы — бачныя знакі Мукі Хрыста.
Айцей Піа прыгадвае нам вельмі важныя рэчы: што б ні здаралася ў нашым жыцці, трэба давяраць Богу, не баяцца і аддаць сябе пад апеку Панны Марыі.
Пераклад і апрацоўка кс. Аляксея Ляшко, спецыяльна для Сatholicnews.by, паводле Aleteia.pl [2]