[1]Святы Айцец пашырыў кампетэнцыі біскупаў і вышэйшых настаяцелей манаскіх супольнасцей, змяніўшы некаторыя нормы Кодэкса кананічнага права Касцёла і Кодэкса канонаў Усходніх Касцёлаў.
15 лютага 2022 года ў Ватыкане быў абнародаваны motu proprio папы Францішка пад назвай Assegnare alcune competenze (Надаць некаторых кампетэнцыі), якім прадугледжваецца большая дэцэнтралізацыя ў пытаннях, звязаных з кіраваннем семінарыямі, фармацыяй святароў, рэдагаваннем і выданнем катэхізісаў і іншымі сферамі.
Цяпер біскупам не трэба будзе скіроўваць просьбу аб “ухваленні” з боку Святога Пасаду ў гэтых пытаннях: дастаткова будзе простага “пацвярджэння”. На думку Папы, новаўвядзенні павінны садзейнічаць “здаровай дэцэнтралізацыі”, “пачуццю калегіяльнасці і пастырскай адказнасці біскупаў”, а таксама зробяць “прыняцце рашэнняў у касцёльнай сферы больш дынамічным”.
Дэцэнтралізацыя закране пытанні, звязаныя з заснаваннем міждыяцэзіяльных семінарый і зацвярджэннем іх статутаў, зацвярджэннем праграм святарскай фармацыі, інкардынацыяй святароў у касцёльныя структуры, заснаваннем і зацвярджэннем асацыяцый, зацвярджэннем катэхізісаў, выдадзеных епіскапатамі, скарачэннем колькасці цэлебрацыі святых Імшаў адносна атрыманых інтэнцый, выключэннем з манаскіх супольнасцей законнікаў, якія не склалі вечныя манаскія абяцанні. Motu proprio таксама павялічвае з 3 да 5 гадоў тэрмін, на працягу якога законнік па-сур’ёзных прычынах можа пражываць па-за сваёй супольнасцю.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News