- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Святы Айцец: неспакой у сэрцы можа стаць шляхам да Хрыста

[1]

Ілюстрацыйнае фота

Папа Леў XIV заклікаў партугальскую моладзь не баяцца свайго ўнутранага неспакою, а ператвараць пытанні і сумненні ў нагоду для дыялогу з Богам, каб адкрыць сваё сапраўднае пакліканне.

25 ліпеня 2026 года Папа накіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў ІІ сустрэчы “Rejoice” – партугальскіх агульнанацыянальных дзён моладзі, якія праходзяць з 24 па 26 ліпеня 2026 года ў горадзе Ламегу.

“Я з радасцю даведаўся, што вы стараецеся падтрымліваць запалены агонь Сусветных дзён моладзі 2023 года”, — сказаў Папа

Папа Леў XIV, падкрэсліваючы, што гэта былі асаблівыя дні, калі маладыя людзі розных нацыянальнасцей, моў і культур сустрэліся разам і адчулі прысутнасць Езуса.

“Ён ёсць сярод нас, і Ён – прычына нашай радасці! Ён – прычына нашай еднасці. In illo uno unum: “мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце” (Рым 12, 5), — дадаў Папа.

Святы Айцец прызнаўся, што яму вельмі падабаецца быць з моладдзю, бо яе вера, энтузіязм і любоў да Хрыста натхняюць і даюць вялікае суцяшэнне. “У наш час цудоўна бачыць маладых людзей – такіх, як вы! – поўных веры і якія не баяцца пра гэта казаць. Як прыемна бачыць, што вы маеце глыбокую прагу праўды і шукаеце яе са шчырым сэрцам. Прыемна бачыць, што вы прагнеце справядлівасці і любові і не задавальняецеся эфемернымі каштоўнасцямі. Цудоўна назіраць, што вы любіце прыгажосць, асабліва тую прыгажосць – такую старажытную і такую новую, якой з’яўляецца наш Бог, які чакае нас у глыбіні нашага быцця”, — сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў маладых людзей не баяцца таго неспакою, які яны носяць у сабе, а скарыстацца ім, каб яшчэ больш наблізіцца да Хрыста і сведчыць пра каштоўнасці Евангелля. “Будучы моцна ўкаранёнымі ў слове Езуса, штодня чытаючы Евангелле, ніколі не пераставайце марыць пра зямлю, дзе пануюць мір і братэрства; глядзець на свет з захапленнем; сустракаць будучыню са святлом надзеі. Дарагія маладыя сябры, не дазвольце нічому і нікому адабраць у вас надзею!”, — заахвоціў Папа Леў XIV.

Святы Айцец заклікаў маладых людзей выкарыстоўваць свае пытанні і сумненні як нагоду для таго, каб размаўляць з Богам і пытацца ў Яго: “Пане, што Ты хочаш, каб я зрабіў у Касцёле і ў свеце? Якое маё пакліканне? Ці клічаш Ты мяне стварыць сям’ю праз сужэнства? Ці, можа, клічаш мяне да святарскага жыцця? Або да кансэкраванага жыцця?”.

“Гэта важныя пытанні, якія трэба задаваць сабе, не забываючы пра адну ўпэўненасць, якая надае еднасць нашаму ўнутранаму жыццю: Бог заўсёды кліча нас быць святымі, а святыя з’яўляюцца глыбока чалавечнымі. Таму будзьце людзьмі так, як Хрыстус, і, несумненна, вы зменіце гэты свет да лепшага. Няхай Маці Божая Фацімская, Маці Добрай Рады, дапаможа вам!”, — пажадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – беларуская рэдакцыя Vatican News [2]