[1]Неабходна цаніць і падтрымліваць сем’і, якія дзень за днём жывуць сваім пакліканнем, часта без публічнасці, але з гераічнай вернасцю. Пра гэта нагадаў Папа Леў XIV.
14 кастрычніка 2026 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане адбылася святая Імша, якая завяршыла сустрэчу, прысвечаную 10-годдзю апостальскай адгартацыі Папы Францішка пра сям’ю “Amoris laetitia”. Цэлебрацыю ўзначаліў кардынал Луіс Антоніа Тагле, дэкан Калегіі кардыналаў, які зачытаў гамілію, падрыхтаваную Львом XIV.
Чалавек пачынае вучыцца любові ў дзяцінстве
Пантыфік нагадаў у сваім тэксце, што падрыхтоўка да сужэнства не пачынаецца за некалькі месяцаў да шлюбу, але ўжо ў маленстве, калі чалавек вучыцца любіць, прабачаць і браць адказнасць за іншага.
“Папа Францішак адзначаў у гэтай сувязі, што “вучэнне любові не з’яўляецца нейкай імправізацыяй, і не можа абмяжоўвацца кароткімі перадсужэнскімі курсамі”. Ён тлумачыў: “на самай справе кожны рыхтуецца да сужэнства з моманту свайго нараджэння”, і ўсё, што малады чалавек перажывае ў сям’і, павінна дапамагаць “рабіць здольным да прыняцця поўнага і канчатковага абавязацельства”, — напісаў Леў XIV.
Святы Айцец адзначыў, што “сямейная любоў – канкрэтная, не пазбаўленая цяжкасцяў, памылак і няўдач, але адначасова цудоўная ў сваёй непрадказальнай штодзённасці – становіцца першай школай пачуццяў, першым каштоўным і незаменным вопытам навучання “радасці любові”.
Сведчанне сем’яў
Папа заклікаў “цаніць і падтрымліваць намаганні шматлікіх сем’яў, якія ў нашых гарадах і мястэчках дзень за днём жывуць сваім пакліканнем і місіяй, без шуму і публічнасці, але часам з гераічнай вернасцю.” “Яны даюць шчодры і зразумелы для ўсіх адказ на словы Езуса, якія мы пачулі ў Евангеллі: “Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў” (Ян 15, 16), — адзначыў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў таксама, што “дзякуючы сведчанню гэтых бацькоў, дзяцей, бабуль і дзядуль, маладых і старэйшых, малых і вялікіх, пасланне Евангелля, якое нясе праўду і паўнату жыцця, дзейсна распаўсюджваецца ў свеце”.
Касцёл – сям’я сем’яў
Папа Леў XIV таксама падкрэсліў, што Касцёл павінен быць “сям’ёй сем’яў” – супольнасцю, у якой кожны можа знайсці падтрымку, асабліва маладыя сужонкі, бацькі, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі ў выхаванні дзяцей, пажылыя людзі і тыя, хто перажывае крызіс або знаходзіцца ва ўразлівым становішчы. “Якой бы параненай ні была сям’я, яна заўсёды можа ўзрастаць, абапіраючыся на любоў”, — адзначыў Папа.
Сям’я – асаблівае месца малітвы
Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць супольнай малітвы ў сям’і. “На жаль, трэба прызнаць, што сёння ў многіх частках свету значна аслабла традыцыя супольнай малітвы ў сямейным коле – перад ежай, на пачатку і ў канцы дня або ў асаблівых выпадках”, — напісаў ён.
“Супольная малітва і сакрамэнты адыгрываюць вельмі важную ролю ў сямейным жыцці, бо, адкрываючы сэрцы на дзеянне Бога, дазваляюць разам дасягнуць таго, чаго нельга было б дасягнуць самастойна. Яны з’яўляюцца трывалым пасілкам і гаючым лекам. Таму сардэчна заклікаю ўсіх нанова адкрыць для сябе гэтую практыку і спрыяць яе пашырэнню”, — падкрэсліў Папа.
Без моцных сем’яў свет не мае будучыні
Папа назваў сям’ю сапраўдным маяком для ўсяго чалавецтва і галоўнай захавальніцай каштоўнасцяў адкрытасці да жыцця і павагі да яго — ад зачацця да натуральнай смерці. “Без моцных сем’яў, адкрытых на дар дзяцей і ўважлівых да іх выхавання і развіцця, у свету няма будучыні”, — падкрэсліў Святы Айцец.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News