[1]Абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які знаходзіцца ў галоўным алтары Адэскага катэдральнага касцёла, у жніўні будзе каранованы папскай каронай, якая была асвечана Папам Францішкам 3 жніўня 2022 г..
Гэты абраз лічыцца цудатворным і вельмі добра вядомы гараджанам.
Былі сабраны ўсе звесткі аб гэтым абразе, пасля чаго дадзеныя былі накіраваны ў кангрэгацыю Ватыкана, якая пасля даследаванняў прызнала, што абраз можа быць каранаваны. Гэта вызначана ў спецыяльным указе.
Пасля атрымання дэкрэта прадстаўнікі Адэскай катэдры — канцлер курыі кс. Кшыштаф Вітвіцкі і кс. Даніэль Кулакоўскі накіраваліся на сустрэчу са Святым Айцом. Падчас сустрэчы, якая адбылася на заканчэнне агульнай аўдыенцыі 3 жніўня, Пантыфік асвяціў карону.
15 жніўня, падчас парафіяльнага адпусту, Апостальскі Нунцый ва Украіне арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас здзейсніць абрад каранацыі абраза.
Побач з абразом будуць размешчаны дары, прынесеныя ўдзячнымі вернікамі.
Біскуп Станіслаў Шыракарадзюк адзначыў, што абраз сапраўды мае дзіўную гісторыю. Пасля закрыцця і разрабавання касцёла абраз удалося выратаваць. Некаторы час ён быў схаваны ў адэскім касцёле св. Пятра. Як толькі ўдалося аднавіць святыню, абраз вярнулі ў катэдру.
Па матэрыялах rkc.org.ua [3]
пераклад Марыны Ткач
фота: Vatican News, Адэска-Сімферопальская дыяцэзія
