[1]Гэта ўжо 26-ы чэмпіянат польскіх святароў па тэнісе і 6-ы міжнародны чэмпіянат. Ён пройдзе з 7 па 9 верасня ў Жывцы.
Чэмпіянат польскіх святароў па тэнісе ўжо шмат гадоў аб’ядноўвае духавенства з Польшчы і замежжа, спалучаючы ідэю здаровага спартыўнага спаборніцтва з умацаваннем супольнасці, прапагандай актыўнага ладу жыцця і каштоўнасцяў, заснаваных на ўзаемнай павазе. Турнір — гэта не толькі спартыўнае мерапрыемства, але і магчымасць для ўдзельнікаў, якія прадстаўляюць розныя дыяцэзіі і краіны, пазнаёміцца.
У спаборніцтвах прымуць удзел святары з многіх польскіх дыяцэзій і некалькіх краін, у тым ліку з Італіі, Даніі, Чэхіі, Славакіі і ЗША. Яны будуць спаборнічаць у адкрытай і ўзроставай катэгорыях: 50+, 60+, 70+ і 75+.
Найстарэйшымі святарамі, зарэгістраванымі для ўдзелу ў спаборніцтвах, з’яўляюцца кс. Ежы Махнач з Вроцлаўскай архідыяцэзіі і кс. Юзаф Гвяждонь з Кракаўскай архідыяцэзіі. Абодвум па 77 гадоў.
Акрамя спаборніцтваў на кортах, святары будуць цэлебраваць Эўхарыстыю і маліцца Літургіяй гадзін. Мерапрыемства таксама ўключае семінар па павышэнні кваліфікацыі святароў, якія выкладаюць у школах. Тэма — «Катэхізацыя як прастора для фарміравання пачуцця бяспекі і надзеі».
«У сённяшняй школьнай і парафіяльнай рэальнасці маладыя людзі асабліва маюць патрэбу ў месцах, дзе яны змогуць знайсці спакой, прыняцце і сілу жывой надзеі. Гэтыя семінары з’яўляюцца адказам на гэтыя выклікі. Яны дапамогуць узбагаціць катэхетычныя навыкі святароў. Сустрэча спалучыць духоўнае і метадычнае развіццё з атмасферай братэрства. Кожны ўдзельнік атрымае персаналізаваны сертыфікат, які пацвярджае ўдзел у навучанні», — гаворыцца на сайце мерапрыемства.
Паводле bielsko.gosc.pl [2]