- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Святар з Польшчы на трасе адной з самых складаных велагонак у свеце. Ён едзе, каб дапамагчы дзецям

[1]Айцец Павел Новак адправіўся на трасу Race Across America — адну з самых складаных велагонак у свеце. Ён пераадолее прыблізна 4800 км па Злучаных Штатах за 12 дзён, і ўсё гэта з высокай мэтай.

Race Across America — легендарная, адна з самых складаных велагонак на звышдалёкіх дыстанцыях у свеце. Маршрут пралягае ад заходняга ўзбярэжжа Злучаных Штатаў да ўсходняга ўзбярэжжа — усяго прыблізна 3000 міль, або 4800 км.

Айцец Павел Новак, вядомы ў сацыяльных сетках як «Pastor on Bike», атрымаў святарскае пасвячэнне ў Тарнове і больш за дзесяць гадоў служыць у Германіі.

Айцец Павел ужо ў дарозе, адправіўшыся ён 16 чэрвеня. На праходжанне маршруту ў яго ёсць дванаццаць дзён, кожны дзень ён плануе праехаць каля 450 км. і ўсё гэта дзеля добрай справы. Ён удзельнічае ў гонцы для фонду Trauerland «Зямля смутку» у Германіі, які падтрымлівае 120 дзяцей і падлеткаў, якія страцілі блізкіх. Святар плануе сабраць 26 тысяч еўра.

Падчас гонкі яго суправаджае каманда з сямі чалавек, якія дапамагаюць яму ў лагістычных пытаннях. У інтэрв’ю dw.com святар прызнаўся, што падчас экспедыцыі яго суправаджае нехта яшчэ. «Вера — мая матывацыя і падтрымка падчас цяжкасцей гонкі. І анёлы, безумоўна, трымаюць мяне пад сваёй апекай падчас дарогі, — прызнаўся ён.

Айцец Павел з’яўляецца першым каталіцкім святаром і пятым чалавекам з Польшчы, які ўдзельнічае ў гэтым легендарным марафоне.

Гэта не першы раз, калі айцец Павел Новак спалучае сваё захапленне веласпортам з дапамогай іншым. У 2023 годзе ён праехаў сотні кіламетраў для дзяўчыны, якая мае паталогію сэрца, сабраўшы больш за 18 тысяч злотых.

Затым была акцыя «Сэрца для Касперка», падчас якой ён ехаў без перапынку, без сну, тысячы кіламетраў, «малюючы» сэрца на карце Польшчы. Ён таксама аб’ехаў дыяцэзію Хільдэсхайм (1200 км), а потым — для Філіпа — аб’ехаў Польшчу. Для дзіцячага хоспіса ён праехаў з Брэмена ў Рым, каб сустрэцца з Папам. Ён таксама ўдзельнічаў у веламарафоне Race Around Austria, пераадолеўшы Аўстрыю менш чым за пяць дзён.

За гонкай Race Across America можна сачыць па спасылцы Pastor on Bike [2].

stacja7.pl [3]
Пераклад Марыны Ткач