- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Святая Зямля: рэкордныя лічбы наведвальнікаў месца хросту Езуса

[1]

Ілюстрацыйнае фота

Аль-Магтас на ўсходнім беразе Іардана, які ўшаноўваецца як месца хросту Езуса, у маі 2022 года наведала больш за 15 тысяч чалавек. Гэта самыя высокія лічбы пасля яго адкрыцця для турызму 20 гадоў таму.

Данымі падзяліўся іарданска-палестынскі хрысціянскі інтэрнэт-часопіс Milh il-Ard (Соль зямлі) са спасылкай на генеральнага дырэктара гэтага месца Рустома Мхджыяна.

З пачатку 2022 года да канца мая Аль-Магтас наведалі 52 тысячы чалавек. На працягу папярэдняга года з прычыны пандэміі каронавіруса было ўсяго 50 тысяч наведвальнікаў. Больш людзей пачало ездзіць з Францыі і Грэцыі, менш – з Расіі. Дырэктар запэўніў, што Іарданія будзе працягваць намаганні па развіцці рэлігійнага турызму.

Пашырэнне аб’екта, які быў унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2015 годзе, на працягу многіх гадоў падтрымлівае каралеўскі двор Іарданіі. Кароль Абдула II перадаў рэлігійным супольнасцям зямельныя ўчасткі, на якіх у апошнія гады пабудавалі шматлікія храмы.

Непасрэдна побач з гістарычным месцам прадстаўнікі розных рэлігій маюць у сваім распараджэнні ўчастак плошчай 35 гектараў, на якім плануецца пабудаваць гарадок для размяшчэння пілігрымаў.

У кастрычніку 2020 года была створана міжнародная і міжканфесійная кансультатыўная рада, якая будзе сачыць за развіццём праекта.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]