[1]26 ліпеня, калі Каталіцкі Касцёл узгадвае святых Яўхіма і Ганну, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі, парафія святой Ганны ў Мосары адзначыла адпустовую ўрачыстасць.
Пабудаваная яшчэ напрыканцы XVIII стагоддзя святыня традыцыйна збірае вернікаў на адпуст. На свята, якое распачалося апоўдні, завітаў дарагі госць для гэтай парафіі ксёндз канонік Ян Крэміс. Урачыстую Літургію цэлебраваў пробашч Марат Казлоўскі.

У слове да вернікаў ксёндз Марат падкрэсліў ролю старэйшага пакалення ў духоўнай апецы над моладдзю; нагадаў, як бабулі і дзядулі прыкладам свайго жыцця захавалі і перадалі веру нашчадкам. Гэта тэма была нездарма закранутая, бо днём раней, 25 ліпеня Касцёл упершыню адзначыў сусветны дзень дзядуляў, бабуль і пажылых людзей. Гэтае рашэнне Папа Францішак абвясціў 31 студзеня. Пачынаючы з гэтага года, свята будзе штогод адзначацца ў чацвёртую нядзелю ліпеня.
А на заканчэнне святой Імшы мосарскія парафіяне ўшанавалі сваю нябесную заступніцу Літаніяй да святой Ганны, эўхарыстычнай працэсіяй і спевам гімна Te Deum.

Леанід Юрык, тэкст і фота































