- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Свята Эўхарыстыі. Працэсія Божага Цела і першая Святая Камунія прайшлі ў Шаркаўшчыне

[1]7 чэрвеня 2026 года — незвычайны дзень у нашай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне: адзінаццаць  маленькіх парафіянаў упершыню прынялі Езуса да сваіх сэрцаў. Перажыванню гэтай падзеі папярэднічалі два гады заняткаў катэхэзы і сістэматычны ўдзел у нядзельнай Святой Імшы.

Перад пачаткам Святой Імшы бацькі благаславілі сваіх дзяцей. Адчувалася хваляванне і бацькоў, і дзяцей. А потым – урачыстая Святая Імша, якую адпраўлялі ксёндз Віктар і ксёндз Генадзь у інтэнцыі дзяцей і бацькоў. З навукай і да дзяцей, і да бацькоў звярнуўся ксёндз Генадзь. Святая Імша працягвалася. Вызнанне веры з запаленымі свечкамі, малітва верных, працэсія з дарамі, малітва “Ойча наш”…І вось гэты самы галоўны момант – дзеці прымаюць Цела Хрыста! Кожны, хто глядзеў на гэтых дзяцей, несумненна, успамінаў сваю Першую Камунію, сваё першае прыняцце Хрыста.

А потым гучалі словы падзякі святарам, якія рыхтавалі дзетак, бацькам, якія зрабілі ўсё, каб гэты дзень быў прыгожы і запамінальны, парафіянам, якія далучыліся да радаснага перажывання ўрачыстасці. Затым адбылася Эўхарыстычная працэсія па вуліцах нашага пасёлка, якая закончылася спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем” і ўрачыстым благаслаўленнем.

Усіх дзяцей давяраем Сэрцу Езуса, жадаем, каб сённяшні дзень стаў пачаткам вялікага сяброўства з Езусам.

Таццяна Фядотава