- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною»: сустрэча моладзі адбылася ў Полацку

[1]22 лістапада напярэдадні ўрачыстасці Хрыста Валадара Сусвету, калі ў гэты дзень адзначаецца Сусветны дзень моладзі на ўзроўні дыяцэзіі, у Полацку адбылася сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі пад дэвізам «Сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною» (Ян 15, 27).

На сустрэчу прыбылі шматлікая моладзь з душпастырамі, сёстрамі законнымі, святарамі з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі.

Сустрэча распачалася канферэнцыяй, якую прамовіў для моладзі дыякан Андрэй Януль. Ён пазнаёміў прысутных з асобай святога Карла Акуціса, маладога святога, які быў 7 верасня кананізаваны, абвешчаны святым Папам Львом XIV. Падчас канферэнцыі моладзь даведалася пра біяграфію і жыццё святога, пра сведчанне яго веры.

[2]

Пасля перапынку была магчымасць прыступіць да сакраманту паяднання, а пазней адбылася святая Імша, якую ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, каб разам маліцца з моладдзю.

Падчас гаміліі пастыр Віцебскай дыяцэзіі засяродзіў свае разважанні над Хрыстом Валадаром Сусвету, а таксама на пасланні Папы Льва XIV да моладзі, якое прызначана на гэты дзень пад тытулам «Сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною» (Ян 15, 27).

Ардынарый звярнуў увагу прысутных на тое, што Святы Айцец у пасланні да моладзі гаворыць пра будаўніцтва адносін з Хрыстом як сябрам, пра неабходнасць дзяліцца гэтым, сведчыць і быць місіянерам, сведкам гэтых сяброўскіх адносін з Хрыстом.

Напрыканцы святой Імшы біскуп Алег даручыў Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі апецы святога Карла Акуціса. Гэты малады святы быў абраны апекуном Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі.

Потым удзельнікі сустрэчы змаглі падсілкавацца смачным абедам.

Варта адзначыць, што напрыканцы паслання да моладзі Папа Леў XIV заахвочвае моладзь звяртацца таксама да Марыі і маліцца на ружанцы.

З гэтай нагоды пасля вячэры маладыя людзі накіравалася на адарацыю Найсвяцейшага Сакраманта, падчас якой малілася на ружанцы, некаторыя часткі спяваючы, а таксама выкарыстоўваючы разважанні на падставе адгартацыі да моладзі Папы Францішка «Christus vivit», якія падрыхтавала моладзь з Варапаева.

[3]

Напрыканцы сустрэчы кс. Алег Хмылко, душпастыр моладзі Віцебскай дыяцэзіі падзякаваў біскупу Алегу, святарам, сёстрам законным і ўсім прысутным за супольную малітву, а таксама тым, хто дапамог арганізаваць сустрэчу.

А пасля гэтага моладзь чакала дыскатэка.

Кс. Алег Хмылко, душпастыр моладзі Віцебскай дыяцэзіі