Шляхі людзей да веры бываюць вельмі розныя. Для кагосьці гэты шлях гладкі і без значных падзеяў; для іншых ён больш складаны. Навяртанне Лары Сэнгера, пра якое ён сам падрабязна напісаў у сваім блогу, адносіцца да апошняй катэгорыі. Вы можаце не ведаць імя Лары Сэнгера, але кожны, хто калі-небудзь шукаў інфармацыю ў інтэрнэце, знаёмы з анлайн-энцыклапедыяй Вікіпедыя.
Калісьці ў нас дома на кніжных паліцах былі вялікія калекцыі энцыклапедый, дзе мы чыталі пра розныя з’явы ў нашым свеце. Зараз можна проста ўвесці ключавое слова ў пошукавую сістэму, і Вікіпедыя хутка дасць нам хаця б кароткае тлумачэнне. Вікіпедыя была заснавана ў 2001 годзе Джымі Уэльсам і Лары Сэнгерам. Апошні — не толькі вэб-праграміст, але і філосаф.
У пошуках адказаў на складаныя пытанні
Філасофія была першым і найвялікшым захапленнем Лары Сэнгера. Менавіта дзякуючы філасофіі яшчэ падлеткам ён стаў агностыкам, а пасля, праз некалькі дзесяцігоддзяў, вернікам.
Сэнгер нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і, але ў раннім падлеткавым узросце пачаў задаваць сабе складаныя пытанні: напрыклад, як звязаны дух, душа і розум, ці якія паміж імі ёсць адрозненні. На жаль, ён не знайшоў нікога, хто мог бы яму гэта растлумачыць, ці хто хацеў бы абмеркаваць з ім глыбокія філасофскія пытанні веры. Сэнгер прыйшоў да высновы, што «толькі дагматычныя людзі, якім не хапае цікаўнасці і якія не могуць адказаць на складаныя пытанні, вераць у Бога» — а ён не быў адным з іх. Таму ён адкінуў веру. Ён вывучаў філасофію, а потым некалькі гадоў выкладаў яе ва ўніверсітэце.
Падчас вучобы ён, вядома, чытаў шмат філасофскай літаратуры. Ён кажа, што ніколі не лічыў сябе сапраўдным атэістам, а хутчэй агностыкам. «Я не верыў у Бога і не адмаўляў Яго існавання», — тлумачыць ён. «Я заўсёды быў гатовы сур’ёзна разгледзець магчымасць існавання Бога. Яны [г.зн. атэісты] не былі такімі». Насамрэч, ён лічыў большасць аргументаў, вылучаных адкрытымі атэістамі, недастатковымі, а часта проста «агіднымі» з-за сваёй грубасці і павярхоўнасці.
Адкрыццё тэалогіі і Бога
Паваротны момант у яго светапоглядзе адбыўся пасля двух важных жыццёвых падзей: спачатку яго шлюбу, а потым нараджэння першага дзіцяці. Менавіта тады ён упершыню адчуў безумоўную любоў да іншага чалавека, за якога быў гатовы аддаць сваё жыццё.
Гэта ўнесла раскол у яго самадастатковую філасофскую сістэму. Ён быў шакаваны, зразумеўшы, што яго мысленне пачынае адрознівацца ад мыслення яго калег-агностыкаў і атэістаў, за якімі ён назіраў падчас вучобы. Затым Сэнгер адкрыў для сябе тэалогію. Хоць ён чытаў Біблію сваім дзецям, у яго не было з ёй асаблівых адносін.
Для яго гэта была проста кніга, якая мела культурнае значэнне і з якой дзеці павінны быць знаёмыя. Але ў рэшце рэшт, па розных прычынах, ён вырашыў, што хоча вывучыць усю Біблію, зразумець яе так, як гэта робяць вернікі, хоць і без сапраўднага імкнення верыць.
Зразумеўшы, што для вывучэння біблейскіх тэкстаў яму патрэбен дапаможнік, ён склаў 90-дзённы план навучання і пагрузіўся ў розныя біблейскія выданні і даведнікі. Ён выявіў, што ў святым тэксце і яго інтэрпрэтацыях значна больш глыбіні і сэнсу, чым ён думаў раней. «Паступова я зразумеў, што знаёмлюся з двух тысячагадовай традыцыяй тэалогіі», — піша ён. Паступова Сэнгер пачаў «размаўляць з Богам», што стала яго першай спробай малітвы з часоў дзяцінства.
Навяртанне
Ён пачаў пісаць і публікаваць эсэ на гэтую тэму. Яго пераканалі тэалагічныя аргументы, якія адпавядалі яго светапогляду. Вядома, ён разумее, што ў гэтым вялікую ролю адыграла Божая ласка. Лары Сэнгер апублікаваў у сваім блогу вялікі артыкул пад назвай «Як філосаф-скептык стаў хрысціянінам». У рэшце рэшт ён прызнаўся ў сваёй асабістай веры ў Трыадзінага Бога.
Сярод іншага, ён піша, што «ўдзячны Богу за тое, што Ён прыняў мяне ў сваю сям’ю і дараваў мае шматлікія грахі». «Я дзякую [Богу] за дар веры, якога я не мог сабе ўявіць большую частку свайго жыцця», — піша Сэнгер.
Зараз Лары Сэнгер піша кнігу пра Бога і свой шлях ад нявер’я да веры. У сваім блогу ён тлумачыць, што пакуль не далучыўся да якой-небудзь канкрэтнай канфесіі, але яго шлях працягваецца.
Молімся, каб Бог працягваў асвятляць яго розум і ўмацоўваць яго веру, каб ён мог працягваць шлях да паўнаты праўды ў Хрысце.
credo.pro [2]
пераклад Марыны Ткач
