
Капліца. Погляд з боку кармеліцкай святыні. Фота Юльюша Клоса, Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў, фонд 1135, вопіс 1, справа 450.
Дзеля хвалы Божай нашыя продкі будавалі не толькі вялікія касцёлы, але і капліцы ў далёкіх вёсках і на могілках, ставілі прыдарожныя крыжы і фігуры святых. Многія з іх не дайшлі да нашага часу, але пра некаторыя можна даведацца са старонак архіўных дакументаў, а часам і знайсці іх фотаздымкі.
У Глыбокім з 1642 да 1862 года існаваў кляштар кармелітаў босых, які заснаваў колішні ўладальнік мястэчка і навакольных маёнткаў дзісненскі стараста і мсціслаўскі ваявода Іосіф Корсак. Багаты і вялікі кляштар, у якім адначасова жылі, маліліся і спасцігалі навукі дзясяткі манахаў, быў своеасаблівым “горадам у горадзе”, аточаным трохметровым цагляным мурам, часткі якога захаваліся і цяпер каля сабора Нараджэння Маці Божай і каля могілак на Копцеўцы.
У куце гэтага муру, справа ад захаванай да сённяшняга дня кляштарнай брамы, была капліца. Яе апісанне можна знайсці ў дакументах візітацыі кляштара кармелітаў босых 10 студзеня 1830 года.
“Капліца, мураваная ў квадрат, мае ў сабе наўкола 23 ½ аршына [16,7 метра], вышыня пад шчыт 6 аршынаў [4,3 метра], унутры – старасвецкія роспісы розных святых – як на скляпеннай столі, так і па сценах, а таксама вялікая фігура Збаўцы на Крыжы, змешчаная пры сцяне. Па баках – два вялікія акны з дробнага шкла, а каля фігуры ўверсе – два круглыя малыя акны. Алтар драўляны з карнізамі і агароджай такарскай работы. Гэтая капліца нядаўнім часам звонку ўпарадкаваная. Накрытая дахоўкай, а на ёй – невялікі жалезны крыж”. На жаль, мы не ўбачым роспісы з выявамі святых, пра якія кажа аўтар візітацыйнага дакумента. Капліца была разабраная пасля Другой сусветнай вайны камуністычнымі ўладамі. Цяпер на яе месцы – праезд для аўтамабіляў на стаянку каля праваслаўнага сабора.
А вось фігура Распятага Хрыста з капліцы магла захавацца. Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі кажа, што Распяцце, якое вісіць у левай наве касцёла Святой Тройцы ў Глыбокім, вельмі старажытнае і паходзіць з XVII стагоддзя. Вядома, што ў гэтым касцёле змешчаныя многія рэчы, якія знаходзіліся ў святынях глыбоцкіх кармелітаў босых, каторыя ў 1864 годзе царскі ўрад забраў у католікаў і аддаў праваслаўным. Можна выказаць гіпотэзу, што гэта тое самае Распяцце з капліцы ў куце кляштарнай агароджы. Праўда, цвёрдых доказаў на карысць гэтай версіі пакуль што няма.
Вядомыя два фотаздымкі згаданай капліцы, зробленыя ў 1920-я гады. Адзін здымак – з прыцаркоўнай тэрыторыі – зрабіў Юльюш Клос, прафесар універсітэта ў Вільні. Другі – Ежы Дулевіч, аўтар шматлікіх краязнаўчых фотаздымкаў Глыбоччыны. Ён паказвае, як выглядала капліца са знешняга боку кляштарнага комплексу, з боку цяперашняга будынка раённай міліцыі. Гэты здымак знайшоў і набыў летась у адной з антыкварных крамаў у Варшаве аўтар гэтых радкоў.
Вывучаючы згаданыя фотаздымкі, мы можам даведацца дэталі выгляду капліцы. Знутры агароджы, з боку кармеліцкай святыні, капліца была паўкруглай. Над яе ўваходам і з левага боку былі змешчаныя фігуркі анёлаў. Звонку яе сцены былі працягам мураванай агароджы комплексу кляштара і заканчваліся прамым вуглом. Знешнія сцены падтрымліваліся контрфорсамі. “Круглыя” вокны, вядомыя з дакумента, былі паўкруглымі. Увесь выгляд капліцы быў простым і без вялікай знешняй аздобы.
Можа, калі-небудзь у кагосьці дойдуць рукі, каб адбудаваць капліцу. Не так важна, якой канфесіі яна будзе належаць і ці будзе ўвогуле сакральным аб’ектам, але добра будзе, калі гэты элемент краявіду старога Глыбокага адновяць.

Малюнак Язэпа Драздовіча «Кармеліцкія муры». 1925 год. У левай частцы малюнка відаць капліца, пра якую ідзе гаворка ў артыкуле.
Кастусь Шыталь
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
