[1]Колькасць католікаў у свеце расце на ўсіх кантынентах, а святароў упершыню за пяць гадоў стала больш. Пра гэта сведчыць статыстыка, якую прыводзіць агенцтва “Fides” адмыслова да 100-га Сусветнага дня місій.
Найхутчэй Каталіцкі Касцёл расце ў Афрыцы. Колькасць католікаў там у параўнанні з 2023 годам вырасла на 7 580 000 – гэта найбольшы прырост сярод усіх кантынентаў. Цяпер іх у Афрыцы 288 312 000, больш, чым у Еўропе. Афрыка – адзіны кантынент, дзе павялічылася і колькасць манахінь, і колькасць семінарыстаў. Такія даныя прыводзіць справаздача агенцтва “Fides”, апублікаваная 16 кастрычніка 2026 года; лічбы ў ёй адносяцца да 2024 года.
Ва ўсім свеце католікаў 1 422 144 000. Гэта 17,8 працэнтаў насельніцтва планеты, і доля засталася ранейшай, хоць вернікаў стала больш на ўсіх кантынентах. Самая вялікая каталіцкая супольнасць па-ранейшаму ў Амерыцы, дзе католікамі з’яўляюцца 64 працэнтаў жыхароў. Упершыню за 5 гадоў вырасла і колькасць святароў, хоць і нязначна: цяпер іх 407 421, на 425 больш, чым у 2023 годзе.
Ёсць у справаздачы і лічбы, якія ідуць уніз. Колькасць святароў павялічылася ў Афрыцы, Азіі і Амерыцы, а ў Еўропе скарацілася на 2 483. На аднаго святара ў свеце цяпер прыпадае ў сярэднім 3 491 католік. Манахінь у свеце стала менш на 9 292, а навучэнцаў вышэйшых семінарый – на 2 891.
Затое мацнее ўклад свецкіх вернікаў. Місіянераў з іх ліку налічваецца 463 079, на 18 473 больш, а катэхетаў – амаль 2,9 мільёна.
Дасье падрыхтавалі да 100-га Сусветнага дня місій, які Касцёл адзначаў у нядзелю, 18 кастрычніка 2026 года, пад дэвізам «Адзіныя ў Хрысце, адзіныя ў місіі». Крыніцай лічбаў стаў апошні «Статыстычны штогоднік Касцёла».
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]