- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі просіць турыстаў з пашанай адносіцца да месцаў культу

[1]Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звяртаецца да турыстаў з просьбай пры наведванні месцаў культу адносіцца з пашанай да іх сакральнага характару і захоўваць адпаведныя нормы паводзінаў.

У сезон летніх адпачынкаў значна павялічылася колькасць турыстаў у каталіцкіх святынях, многія з якіх з’яўляюцца помнікамі архітэктуры і гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.

У сувязі з гэтым арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч кіруе асаблівы зварот да святароў, экскурсаводаў і турыстаў, нагадваючы пра неабходнасць захавання пэўных правілаў пры наведванні касцёлаў і іншых месцаў культу.

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату нагадвае, што забаронена:

Пры наведванні касцёлаў і іншых месцаў культу неабходна адключыць мабільныя тэлефоны і захоўваць цішыню. Ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі настойліва рэкамендуецца выкарыстоўваць індывідуальныя ахоўныя і дэзінфекцыйныя сродкі, а таксама захоўваць сацыяльную дыстанцыю.

Старшыня ККББ просіць святароў паклапаціцца пра тое, каб усе, хто наведвае касцёлы і капліцы, з пашанаю адносіліся да сакральнага характару месцаў культу.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звяртаецца таксама да ўсіх, хто наведвае касцёлы ў турыстычных мэтах:

«Дарагія браты і сёстры, мы радуемся, што вы падчас летніх адпачынкаў прыходзіце ў нашыя святыні: велічныя катэдры і сціплыя вясковыя касцёлы. Аглядаючы прыгажосць архітэктуры, абразоў і скульптур, памятайце, што кожны касцёл і капліца — гэта перадусім Дом Божы і месца Божага культу.

Кожны раз, калі вашыя паводзіны або знешні выгляд не адпавядаюць сакральнаму характару гэтых святых месцаў, Езус Хрыстус звяртаецца да нас з заўвагай, як некалі да сваіх суайчыннікаў у Ерузалемскай святыні: „Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю“ (Ян 2, 16).

Жадаю вам прыемных уражанняў, і няхай у цішыні Божага Дома вашыя душы ўзвысяцца і напоўняцца дабром і хараством, крыніцай якіх з’яўляецца Творца ўсяго існага — Бог».

Catholic.by [2]