- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Іспаніі: «Каталіцкай Іспаніі больш не існуе»

[1]Улічваючы нястрымную секулярызацыю Іспаніі, тыя часы, калі іспанцы маглі асацыяваць сваю краіну з каталіцкай ідэнтычнасцю, даўно мінулі. Пра гэта заявіў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Іспаніі арцыбіскуп Луіс Аргуэла, адкрываючы 127-ю пленарную асамблею Канферэнцыі.

«Прайшлі тыя дні, якія доўжыліся стагоддзямі, калі мы казалі: я католік, таму што нарадзіўся ў Іспаніі», — сказаў Аргуэла, адзначыўшы, што Касцёл больш не можа прымаць як належнае тое, што сучасныя іспанцы належаць да каталіцкай веры, піша CNA.

Падчас свайго выступу арцыбіскуп таксама падкрэсліў трывожную сітуацыю з хростамі: хоць у краіне ёсць 23 тысячы купеляў, падзеленых паміж па 22 921 парафіямі, у многіх «няма вады» — з-за адсутнасці хрысціянскай супольнасці, якая можа «дапамагаць Святому Духу нараджаць новых хрысціян». Іерарх адзначыў, што ў больш густанаселеных раёнах, адпаведна, пануе «вельмі слабае ўсведамленне адказнасці, якую прадугледжвае наяўнасць купелі». Улічваючы сітуацыю, дадаў ён, «немагчыма быць хрысціянінам у адзіноце», і гэта стварае асаблівы выклік для супольнасцяў, «якія жывуць цялеснай фармацыяй сэрца».

Арцыбіскуп Аргуэла ўказаў на ролю рэкалекцыйных рухаў і апостальстваў, такіх як Эмаус, Эффата, Вартымей, праект шлюбнай любові, Жыццё ў Духу, Хакуна і г.д., якія аказваюць уплыў, запрашаючы працягваць хрысціянскае жыццё, але ў той жа час сутыкаюцца з цяжкасцямі ў «пераўтварэнні эмацыйнага вопыту ў цноту, у пошуку канкрэтных шляхоў росту, якія выходзяць за межы ўзнаўлення першапачатковага ўплыву».

Арцыбіскуп расказаў, што ў многіх сельскіх парафіях ужо немагчыма цэлебраваць нядзельную Эўхарыстыю, а ў вялікіх гарадах расклад набажэнстваў моцна адрозніваецца ў залежнасці ад мясцовасці.

Ён таксама папярэдзіў, што секулярызацыя пагражае сацыяльнай і дабрачыннай дзейнасці каталіцкіх арганізацый, якія могуць «слаба прапанаваць навізну хрысціянскай любові, так што іх лёгка зблытаць з бюракратычнымі няўрадавымі арганізацыямі».

credo.pro [2]
пераклад Марыны Ткач