- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Срэбны юбілей святарства кс. Аляксандра Барылы адзначылі ў Вілейцы ў прысутнасці трох біскупаў

[1]2 снежня 2025 года ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы адбылося сапраўднае свята. Тры біскупы, вялікая колькасць святароў і цалкам запоўнены вернікамі касцёл разам маліліся і дзякавалі Богу за 25 год святарства кс. каноніка Аляксандра Барылы.

Кс. Аляксандр нарадзіўся ў Глыбокім 11 жніўня 1976 года. Сакрамант Хросту прыняў у тым жа годзе з рук кс. Юзафа Францкевіча. Скончыў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю ў 1999г. Дэкрэтам кардынала Казіміра Свёнтка адразу быў прызначаны вікарыем Архікатэдральнага касцёла ў г. Мінску, а з 2003 года ў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.

Напрыканцы Вялікага Юбілею Хрысціянства, 2 снежня 2000 года ў мінскім архікатэдральным касцёле кс. Аляксандр прыняў сакрамант святарства. У той знамянальны дзень свае апостальскія рукі для пераказання святарскай улады ўсклаў сведак веры святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк, таксама былі ўскадзены рукі святой памяці арцыбіскупа Дамініка Грушоўскага, тагачаснага Апостальскага Нунцыя, які прадстаўляў у Беларусі Яна Паўла ІІ, сённяшняга святога і вялікага Папу. Таксама на галаву кс. Аляксандра былі ўскладзены рукі біскупа Кірыла Клімовіча, які сёння прыбыў у Вілейку з марознай Сібіры. Ардынарый дыяцэзіі св. Юзафа ў Іркуцку з’яўляецца для юбіляра не толькі біскупам, але і духоўным айцом, якія яшчэ са школьных гадоў дапамог распазнаць пакліканне і далей прымаў удзел у святарскай фармацыі.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам з арцыбіскупам-эмерытам Тадэвушам Кандрусевічам, біскупам Кірылам Клімовічам, ксяндзамі – канонікамі мінскага катэдральнага капітула і святарамі-суседзямі і сябрамі.

[2]

Юбіляр адзначыў, што ўпэўнены, што на гэтай урачыстасці таксама ёсць і тыя, якія ўжо адышлі па ўзнагароду да Пана – яго старэйшы брат кс. Дзмітрый Барыла, які быў прыкладам і падтрымкай у семінарыйнай фармацыі і пасля ў святарстве, парафіяне з Вілейкі са старэйшага пакалення, якія прыкладам свайго хрысціянскага жыцця вучылі жывой веры і ахвярнаму служэнню Богу і Касцёлу.

Гамілію прамовіў ганаровы арцыбіскуп Тадэвуш, пад кіраўніцтвам якога прайшло большасць гадоў святарства і служэння ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандра. Іерарх адзначыў, што роля святара ў жыцці Касцёла незаменная, яе нельга дэлегаваць камусьці іншаму. У той час святар павінен быць і слугой нязменных духоўных каштоўнасцей. Арцыбіскуп Тадэвуш падкрэсліў, што функцыя кіраўніцтва Божым народам павінна выконвацца ў служэнні. “Мы не валадары даручаных нашай духоўнай апецы людзей, але іх слугі, таму павінны ведаць іх жыццёвую сітуацыю, каб умець накіроўваць на шлях збаўлення.”

[3]

“Ксёндз юбіляр з радасцю прыняў пакліканне да святарства і сваім служэннем акунаецца ў гісторыю нашага народа, як яго заступнік, суправаджае даручаных яго пастырскай апецы людзей і становіцца для іх жывым Евангеллем – знакам і інструментам міласэрнай любові Бога Айца. Ён з’яўляецца прыхільнікам здаровага душпастырства, уводзіць новае і шануе старое, выпрабаванае часам. Яго навучанне падпарадкавана словам Хрыста “так-так” і “не-не”, белае з’яўляецца белым, а чорнае чорным. З моцай абвяшчае актуальнае і дзейснае Божае слова, з любоўю адносіцца да цэлебрацыі і пакланення Эўхарыстыі, як крыніцы і вяршыні ўсяго хрысціянскага жыцця. Заўсёды знаходзіць час, каб выслухаць і дапамагчы іншаму чалавеку духоўна і матэрыяльна, — адзначыў іерарх, характарызуючы юбіляра, і падвёўшы вынік падкрэсліў, што: — Усё гэта і нават больш надалі кс. Аляксандру вялікі аўтарытэт і заслужаную павагу сярод святароў, вернікаў, жыхароў Вілейкі і не толькі”.

“Святкаванне юбілею – гэта добрая магчымасць падзякаваць Богу за тое, аб чым часам забываецца, пра той узнёслы стан душы, калі перакрочваў парог семінарыі і мог там жыць і вучыцца, за пачуццё сапраўднага шчасця, калі прымаў святарскае пасвячэнне і цэлебраваў першую св. Імшу, і калі працягваў першы раз руку, каб адпусціць грахі”, — прамовіў кс. Аляксандр.

Шмат слоў падзякі і віншаванняў гучалі ў адрас святара-юбіляра ад арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, дзяцей і моладзі, прадстаўнікоў розных парафіяльных супольнасцяў, землякоў з роднага Глыбокага. Таксама словы ўдзячнасці былі выказаны маці Алене за выхаванне сына-святара, якая прысутнічала на ўрачыстасці.

[4]

[5]

На заканчэнне адбылося асвячэнне адноўленага галоўнага алтара святыні, якое здзейсніў мітрапаліт Юзаф.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота