- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Срэбны юбілей на фоне гісторыі: у Юрацішках падзякавалі Богу за 25 гадоў святарства кс. Мікалая Ціхановіча

[1]6 жніўня, у свята Перамянення Пана, касцёл у Юрацішках (Гродзенская дыяцэзія) быў перапоўнены. Парафіяне сабраліся не толькі на галоўны парафіяльны фэст, але і каб разам са сваім земляком перажыць яшчэ адну ўрачыстасць – срэбны юбілей святарства ксяндза Мікалая Ціхановіча. Чвэрць века таму, у 2001 годзе, ён упершыню ўзышоў да алтара. І гэтая дата мае асаблівае значэнне для гэтай парафіі: пасля доўгага перапынку менавіта ён стаў першым святаром, які паходзіць з Юрацішак.

Каб прасіць бласлаўлення – да забітага святара

Гісторыя юрацішкаўскай парафіі – гэта гісторыя веры, якая прайшла праз выпрабаванні і адрадзілася. Да 1932 года гэтыя землі належалі да іўеўскай парафіі. Менавіта тады віленскі мітрапаліт арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі даверыў ксяндзу Антонію Твароўскаму арганізацыю новай парафіі. Першы касцёл быў пабудаваны ў 1937 годзе і кансэкраваны 9 чэрвеня 1939 года – таксама пад тытулам Перамянення Пана.

Аднак лёс першага пробашча быў трагічным: кс. Антоній Твароўскі быў забіты 19 верасня 1939 года. Пазней, у часы гітлераўскай акупацыі, быў арыштаваны і расстраляны яшчэ адзін святар – кс. Вінцэнт Стрыжнеўскі. У 1955 годзе касцёл знішчылі. Сёння на тым месцы – аўтастанцыя.

Але парафія не памерла. Яна адрадзілася ў 1994 годзе, калі вернікі пачалі збірацца на набажэнствы ў былой школе. А ў 2002–2004 гадах у цэнтры мястэчка вырас новы мураваны касцёл.

[2]

Менавіта ў гэты час, калі святыня яшчэ не была пабудавана, маленькі хлопчык Мікалай Ціхановіч упершыню адчуў у сваім сэрцы пакліканне. У сваёй прамове падчас юбілейнай Імшы ксёндз узгадаў:

«Тут у гэтай парафіі, яшчэ не разумеючы, будучы юнаком, што Гасподзь мяне тут паймае (у добрым значэнні). Мы памятаем, што ў савецкія часы касцёла тут не было, кс. Марыюш прыязджаў у 1992-1993 гадах у старую школу. І тут Гасподзь даў мне вопыт сустрэчы з Ім, хаця я яшчэ гэта не ведаў і не разумеў. Але Ён пачаў змяняць маё жыццё, перамяняць мяне. З таго малога хлопчыка, які лётаў тут па Юрацішках, вырасла пакліканне.»

Цікава, што перад сваёй прыміцыйнай Імшой у 2001 годзе малады святар не меў магчымасці папрасіць блаславення ў пробашча – бо яго проста не было. Тады ён зрабіў незвычайны крок: паехаў на магілу ксяндза Антонія Твароўскага, каб прасіць благаславення ў таго, хто быў у парафіі апошнім пробашчам.

Перамяненне – не толькі свята, але і вопыт

Працягваючы сваё казанне, кс. Мікалай засяродзіўся на тэме свята:

«Пётр, будучы Сымонам – сынам Яна, перамяняўся ў Пятра – скалу. Так Езус паўплываў на жыццё Пятра, Якуба і Яна, на ўсіх апосталаў. Вось гэты асабісты вопыт, які важна ў сваім жыцці чалавеку перажыць, – вопыт містычны сустрэчы з Езусам, з Яго Боскай моцай, з Яго любоўю.»

Ён падзяліўся і асабістым разважаннем: хто паўплываў на яго пакліканне?

«Лічу, што кроў мучаніка нашай парафіі – святой памяці кс. Твароўскага і клерыка, якія былі забітыя. Нам невядома, у вечнасці Гасподзь пакажа, але мне здаецца, магчыма, калі святар паміраў, ён сказаў: “Нас забіваюць, але на маё месца павінен нехта прыйсці”».

Радасць сустрэчы і падзякі

Касцёл быў запоўнены да апошняга месца. Прысутнічалі маці, сястра, пляменніца з сям’ёй, родныя, настаўніца, парафіяне з першага месца служэння ксяндза – Астраўца – і тыя аднавяскоўцы, якія памятаюць яшчэ малым хлопцам.

[3]

Цяперашні пробашч парафіі Перамянення Пана ксёндз Віталій Чурган, вітаючы юбіляра, сказаў:

«Збіраемся сёння, каб святкаваць свята нашай парафіі, але разам з тым перажывем яшчэ адну ўрачыстасць – падзяку за юбілей святарскага жыцця нашага земляка. Здаецца, чвэрць века, 25 гадоў, нібыта мала, але як паказвае практыка, гэта вельмі шмат. Ён тут сярод вас нарадзіўся, сярод вас рос, хадзіў у школу. Разам з вамі і дзякуючы вашым малітвам атрымаў пакліканне, якое прывяло яго да годнасці святара.»

Настаўніца ксяндза Мікалая ўзгадала, што ён быў прыкладным вучнем, выдатным спартсменам, актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці з артыстычнымі данымі, далікатным у адносінах да старэйшых, настаўнікаў і сяброў.

[4]

Сімвал перамогі жыцця

У гэты дзень злучыліся дзве ўрачыстасці: свята Перамянення Пана, якое нагадвае пра Божую славу, і 25-годдзе святарскага служэння чалавека, які сам стаў жывым сведчаннем перамянення. Ад першага касцёла, кансэкраванага ў 1939 годзе, праз гады знішчэння і маўчання – да новай святыні, узведзенай у 2004-м, і да сённяшняга поўнага касцёла. Ад крыві першага святара – да паклікання новага, які нарадзіўся ў гэтай зямлі.

Як сказаў сам юбіляр: «Яшчэ тады да канца не разумеў, але сэрца маё адгукнулася на голас Хрыста, і Езус пачаў мяняць маё жыццё. Гэтага шумнага юнака, які лётаў па дыскатэках, усмірыў, паставіў на калені і сказаў: “Сынок, думай глыбей, слухай Мяне”. І так распачалася гісторыя майго паклікання ў гэтай парафіі Перамянення Пана.»

[5]

Срэбны юбілей – гэта не толькі ўзрост святарства. Гэта сведчанне таго, што Бог не пакідае сваёй зямлі. Ён кліча, перамяняе і дае сілу тым, хто адкрывае сэрца. Цяпер з парафіі ў Юрацішках паходзяць 4 святары і 2 манахіні.