[1]Праслаўляючы прыгожымі словамі спеву “…памажы, Марыя, нам знайсці дарогу, што вядзе да Неба, да яднання з Богам…” сямейныя пары ўрачыста ўнеслі пілігрымуючыя Багародзічныя абразы ў свой старадаўні касцёл. Так 13 снежня спісы пілігрымуючых цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі прыбылі ў Ваўкалацкую парафію святога Яна Хрысціцела (Докшыцкі дэканат). Гэта стала 24 парафія Віцебскай дыяцэзіі і 122-м месцам адведзінаў Марыі за 4 гады перэгрынацыі (уключаючы замежжа).
Сустракаючы нябесную Апякунку ў рознастайных вобразах з розных куткоў Беларусі, душпастыр парафіі ксёндз Алег Півавар сказаў, што гэтай перэгрынацыяй мы завяршаем год Божай Міласэрнасці [2], які ваўкалацкія вернікі перажывалі разам з Езусам Хрыстом у абразе Божай Міласэрнасці, што пілігрымаваў у 2-х копіях па вёсках парафіі з 27 красавіка і перад якімі людзі маліліся прыватна сем’ямі ў сваіх дамах.
“А сёння, у час Адвэнту, мы чаканем разам з Марыяй прышэсця Езуса Хрыста не толькі ў гэты свет, але ў нашыя сэрцы, дамы і сем’і. Асаблівым чынам заклікаем, каб Маці Божая нам дапамагала крочыць насустрач Яе Сыну Езусу Хрысту, да збаўлення, да супакою нашых душ”, – дадаў ксёндз Алег.
Тыя, хто наведваў касцёл святога Яна Хрысціцеля ў Валкалаце, заўважылі, што тут таксама знаходзіцца старажытны цудадзейны абраз Маці Божай Апякункі душаў чысцовых. Перад ім многія стагоддзі маліліся вернікі, выпрошваючы неабходныя ласкі і атрымліваючы аздараўленне, што пацвярджаюць шматлікія воты, змешчаныя на іконе.
Штодня вернікі будуць здзяйсняць духоўную пілігрымку ў месцы, адкуль прыйшла Марыя. Разам яны будуць разважаць і даведвацца гісторыі Яе аб’яўленняў на нашай зямлі.
Разам з пробашчам парафіі святую Імшу канцэлебраваў духоўны кіраўнік перэгрынацыі – ксёндз Станіслаў Станеўскі. Святар нагадаў, што Маці, Якая заўсёды бачыць і чуе нашыя просьбы, хоча, каб Яе дзеці, а гэта мы з вамі, былі шчаслівымі. “Так, як нашыя продкі калісьці прыходзілі да Яе, каб выпрасіць дапамогі, так і цяпер Яна прыбывае да вас, каб заахвоціць кожнага прыняць найвялікшы скарб, які Яна прынесла – Езуса Хрыста, адкрыць свае сэрцы і запрасіць Яго ў сваё жыццё, будаваць кожную хвіліну свайго жыцця разам з Езусам”, – заахвоціў ксёндз Станіслаў.
У гэты дзень прысутнічала таксама мастачка з Маладзечна Ядвіга Сенько, чыёй рукой былі напісаны прыбыўшыя спісы цудадзейных абразоў. Яна распавяла, як першапачаткова для аўтамабільнай малітоўна-пакутніцкай пілігрымкі межамі нашай краіны, якая адбылася з 12 па 18 чэрвеня 2021 года, было напісана 8 спісаў Багародзічных абразоў. У тым ліку адзін з абразаў быў уключаны па просьбе тагачаснага Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца – выява Маці Божай Гомельскай. Гэта спіс абраза Маці Божай Снежнай, аднаго з найстаражытнейшых абразоў Багародзіцы ў свеце, які захоўваецца ў Рымскай базыліцы Santa Maria Maggiore. Яго “беларускі арыгінал” размешчаны ў алтары капліцы, што знаходзіцца каля новабудоўлі – касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі.
Мастачка распавяла, што для яе стала нечаканасцю, што абразы ўвесь гэты час будуць здзяйсняць пілігрымку па касцёлах, паколькі спачатку гэта не планавалася. Аднак пасля завяршэння пілігрымкі святары пачалі запрашаць іх у свае парафіі, каб і мясцовыя вернікі змаглі памаліцца перад копіямі цудадзейных выяў Багародзіцы. У той складаны перыяд дзейнічалі абмежаванні для пілігрымак у сувязі з пандэміяй каранавірусу і складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у нашай краіне.
Так Маці Божая сама вырушыла да людзей і на сённяшні дзень наведала ўжо 122 месцы. Ядвіга Сенько расказала, што абразы таксама выстаўляліся ў свецкіх культурных установах, дзе збіраюцца людзі розных веравызнанняў: у Гомельскім Драматычным тэатры, Палацы мастацтваў у Маладзечне, Вілейскім Краязнаўчым музеі, мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева ў Крупках.
“Гэта добра, – лічыць мастачка, – што перэгрынацыя аб’ядноўвае людзей розных канфесій і розных пакаленняў, бо Бог адзіны. Я іх даўно не бачыла, таму зараз гляджу на іх іншымі вачыма, і здаецца, што яны ўжо сталі больш жывымі, намоленымі вашымі малітвамі”, – дадала спадарыня Ядвіга.
З часам колькасць Марыйных абразоў найбольш шанаваных у нашай краіне павялічылася да 17.
Плануецца, што абразы Божай Маці застануцца ў ваўкалацкім касцёле на святы Божага Нараджэння і будуць знаходзіцца там да 10 студзеня. Пасля будзе перапынак на зімовы перыяд, які будзе выкарыстаны на некаторыя рэстаўрацыйныя працы, каб у адноўленым стане далей прадоўжыць перэгрынацыю па парафіях Віцебскай і іншых дыяцэзій нашай краіны.
Сустрэчу Багародзічных абразоў у ваўкалацкай парафіі таксама можна знайсці на хрысціянскім YouTube канале “Голас Душы” [29]!
Віктар Ведзень





























