- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Спевы гучаць, нам 25!». Срэбны юбілей адзначыў хор «Ave Maria»

[1]У нядзелю 16 лютага глыбоцкі касцёл Святой Тройцы сустракаў парафіянаў і гасцей. А 13.00 тут распачалася святая Імша, а пасля яе – святочны канцэрт хору “Ave Maria”.

Хор паўстаў у 2000 годзе па ініцыятыве тагачаснага пробашча ксяндза Пятра Врубеля. І распачалося няпростае, але вельмі важнае служэнне: рэпетыцыі і напрацоўка рэпертуару, падрыхтоўка да аздаблення спевам Літургіі.

На ўсім шляху побач з харыстамі былі іх пастыры: ксёндз Кшыштаф Мікалайчык, ксёндз Мечыслаў Янчышын, ксёндз Вячаслаў Пялінак. Яны не толькі разам маліліся, але і ўдзельнічалі ў шматлікіх пілігрымках па святых месцах і проста цудоўна адпачывалі.

Сёння ў склад хору ўваходзіць 19 удзельнікаў рознага ўзросту і  прафесій. Не кожны мае музычную адукацыю, але ўсіх аб’ядноўвае любоў да Бога, музыкі і спеву. На працягу 15 год кіраўніком хору была, святой памяці, Ніна Казлоўская. Апошнія 7 год гэта – Ганна Шакола.

[2]

Ганна Шакола

Сваімі галасамі харысты не толькі штонядзелю, а таксама ва ўрачыстасці і святы, упрыгожваюць святую Імшу, але і ўдзельнічаюць у конкурсах і фэстах, спяваюць па запрашэннях у парафіях Віцебскай дыяцэзіі і за яе межамі.

За доўгія гады рэпертуар хору фармаваўся, паляпшаўся і ўзбагачаўся. Зараз у яго склад уваходзяць творы класічнай рэлігійнай і духоўнай музыкі, а таксама спевы беларускіх і замежных аўтараў.

Адметна, што падчас канцэрту ў касцёле прысутнічалі паэткі Марыя Ючкавіч і Алена Пажога. Менавіта яны з’яўляюцца аўтаркамі тэкстаў, што пакладзены на музыку і таксама гучаць у выкананні хору.

Канцэрт распачаўся ўзрушлівым момантам: спяваючы “Вядзе дарога да касцёла”, харысты ішлі ад уваходу храма да алтара, а прысутныя віталі іх стоячы.

[3]

Падчас імпрэзы прагучалі спевы на беларускай мове і лаціне. Інструментальна выступленне ўпрыгожылі Наталля Раманчук на клавішах і Марыя Чыжэўская на скрыпцы.

У ролі канферансье канцэрту выступіла ўдзельніца хору Надзея Цяліца, а Марына Сінкевіч падрыхтавала прэзентацыю з памятнымі фотаздымкамі і назвамі спеваў.

Напрыканцы прагучалі асаблівыя словы падзякі шматгадовай арганістцы хору Данаце Буторынай, усім удзельнікам канцэрту і тым, хто прыклаў намаганні, каб свята не проста адбылося, а стала прыгожым і цікавым.

Асаблівыя словы харыстаў былі звернутыя да пробашча парафіі ксяндза каноніка Мікалая Ціхановіча, які апроч малітвы і духоўнай падтрымкі зрабіў на юбілей падарунак у выглядзе новых касцюмаў.

[4]

Ад імя парафіянаў юбіляраў павіншавала Даната Сярогіна. Жанчына распавяла пра гісторыю хору, а таксама са шчаслівай удзячнасцю  ўзгадала тую Імшу, калі ўпершыню зайграў вялікі арган і сцены храма напоўніліся галасамі харыстаў.

Словы падзякі скончыліся пажаданнямі заступніцтва Святой Цэцыліі і малітвай “Вітай Марыя”.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота і відэа