[1]Тры караблі-шпіталі, падораныя Папам Францішкам, нясуць медыцынскую дапамогу ў самыя аддаленыя куткі Амазоніі, рэалізуючы яго мару аб Касцёле, які выходзіць на перыферыі.
Ля берагоў ракі Гуахара людзі стаяць у чарзе, каб трапіць на борт карабля-шпіталя “Сан-Жуан XXIII”. Гэта не звычайны пасажырскі транспарт, а плывучая бальніца, якая разам з двума іншымі караблямі – “Папа Францішак” і “Святы Ян Павел II” – нясе медыцынскую дапамогу ў самыя аддаленыя куткі трапічных лясоў, куды можна дабрацца толькі па вадзе. «Няма дарог, якія вялі б у месцы, якія мы наведваем», — кажа 28-гадовы афтальмолаг-валанцёр Фэліпэ.
Мара Папы Францішка становіцца рэальнасцю
Ідэя стварэння такой флатыліі нарадзілася падчас Сусветных дзён моладзі ў Бразіліі ў 2013 годзе. Тады Папа Францішак заклікаў францішканскага манаха Франсіска Бэлоці: “Вы ў Амазоніі? Вы павінны туды паехаць!”. Гэта быў заклік ісці на перыферыі, не пакідаючы нікога па-за ўвагай.
У 2019 годзе, дзякуючы падтрымцы Апостальскай элемазінарыі і ўрадавых сродкаў, мара Пантыфіка здзейснілася. З таго часу гэтыя караблі, якія ўвасабляюць вобраз “палявога шпіталя”, дарагія Папу, аказалі дапамогу ўжо мільёну чалавек.
На борце караблёў ёсць усё неабходнае: амбулаторыі, аперацыйныя, лабараторыі і нават аптэка. “Тут у нас ёсць усё, — тлумачыць Фэліпэ. — Мы праводзім спецыялізаваныя агляды, аперацыі па выдаленні катаракты, агульныя хірургічныя ўмяшанні”.
Валанцёры расказваюць, што часта сутыкаюцца з захворваннямі, якія ў гарадскіх умовах лёгка лечацца, але тут, з прычыны адсутнасці доступу да медыцыны, ператвараюцца ў сур’ёзныя праблемы.
Не проста дабрачыннасць, а пераўтварэнне грамадства
Фэліпэ, які штодня робіць да дзесяці аперацый на вачах, падкрэслівае, што гэты досвед змяняе не толькі тых, хто атрымлівае дапамогу, але і тых, хто яе аказвае. Людзі, якім дапамагаюць валанцёры, неверагодна ўдзячныя. “Яны цалкам нам давяраюць і аддаюць вельмі шмат, хаця самі маюць так мала”, — дзеліцца ўрач.
На фоне кліматычнага саміту COP30, які праходзіць у бразільскім Белене, гэтыя плывучыя шпіталі нагадваюць пра непарыўную сувязь паміж клопатам пра людзей і клопатам пра наш супольны дом. Гэта і ёсць сэрца інтэгральнай экалогіі, пра якую казаў Папа Францішак у сваёй энцыкліцы “Laudato si’”. “Папа Францішак усё яшчэ тут, у сэрцы Амазоніі!” — з усмешкай кажа Фэліпэ, ужо плануючы сваю наступную місію.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News