- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Словы Льва XIV да юных удзельнікаў раратаў

[1]Папа Леў XIV звярнуўся да юных удзельнікаў раратаў у Польшчы, заклікаючы іх знаходзіць шчасце ў тым, каб дарыць, а не толькі браць.

Папа адказаў на адвэнтавую ініцыятыву ў Польшчы, дзе, паводле інфармацыі журналістаў польскай рэдакцыі Vatican News, у 3500 парафіях дзеці і моладзь знаёмяцца з новым Пантыфікам пад дэвізам “З Папам Львом чакаем Езуса”.

У адмысловым лісце, скіраваным да ўдзельнікаў традыцыйных раратніх Імшаў, Святы Айцец выказаў падзяку за гэтую “высакародную ініцыятыву”, адзначыўшы, што Адвэнт – гэта “цудоўная нагода для ўзрастання ў цярплівасці”.

Галоўны заклік Папы быў скіраваны да сэрцаў юных вернікаў. “Няхай удзел у штодзённых святых Імшах з запаленымі лампадамі падрыхтуе вас да таго, каб кожны дзень перамагалі вера, надзея і любоў, асабліва калі мы чытаем Святое Пісанне, дапамагаем патрабуючым, суцяшаем засмучаных і шукаем шчасце ў тым, каб дарыць, а не ў тым, каб патрабаваць”, — напісаў Пантыфік.

Святы Айцец удзяліў усім удзельнікам раратаў сваё апостальскае благаслаўленне, нагадаўшы, што “апошняе слова заўсёды належыць Богу”. Ініцыятыва была падрыхтавана рэдакцыяй каталіцкага часопіса “Gość Niedzielny”.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News