- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Слова Старшыні ККББ арцыбіскупа Станеўскага на ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету

[1]Ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, якое сёлета адзначаецца ў нядзелю 23 лістапада, Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе сваё слова да святароў, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў.

«Езус Хрыстус — Пераможца,
Пан сусвету і Валадар!»

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце,

сёння гэты спеў гучыць ва ўсіх каталіцкіх святынях, бо ў гэты дзень мы адзначаем урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету.

У многіх краінах існуе шмат статуй Хрыста Валадара, нават вельмі высокіх, якія ўзвышаюцца на горных вяршынях, на шпілях святыняў, іх усталёўваюць нават на дне акіянаў. Яны з’яўляюцца выразам хрысціянскай веры ў тое, што Езус Хрыстус з’яўляецца Валадаром сусвету, выразам павагі і ўдзячнасці нашаму Пану і Збаўцу, нашаму Каралю.

Для многіх сучасных людзей паняцці кароль, валадар, цар непрывычныя, бо мы жывем у іншую эпоху. Напачатку мінулага стагоддзя знікалі цэлыя імперыі, якімі кіравалі магутныя, здавалася б, уладары. І менавіта ў той час, калі народы скідалі з тронаў каралёў, цароў і імператараў, Папа Пій XI сваёй энцыклікай Quas Primas (Аб Каралеўскай годнасці Хрыста) ад 11 снежня 1925 года ўстанавіў свята Хрыста Валадара для ўсяго каталіцкага свету.

У гэтай энцыкліцы Папа Пій XI аналізуе прычыны распаўсюджання зла ў жыцці грамадстваў і дзяржаў. Ён указвае на ролю, якую Каталіцкі Касцёл выконвае і павінен выконваць у іх жыцці.

Падставай для гэтых разважанняў стаў Святы 1925-ы год, падчас якога выявіліся велізарныя небяспекі і пагрозы з-за таго, што многія краіны і народы станавіліся ўсё больш нехрысціянскімі. Папа бачыў ратунак ад гэтых пагрозаў у прысвячэнні грамадстваў і краінаў Хрысту Валадару.

Калі ў грамадстве будзе панаваць Хрыстус, калі Яго будуць праслаўляць і публічна ўшаноўваць, як гэта належыць Валадару, калі людзі будуць адказнымі ў сваіх абавязках і паслухмянымі Богу, тады свет будзе ўратаваны, — сцвярджаў папа Пій XI. Пантыфік таксама звярнуў увагу на каралеўскую годнасць Хрыста, пра якую гаворыцца ў Святым Пісанні і перадсаборнай літургіі.

Сёлета спаўняецца 100 гадоў энцыкліцы Quas Primas (Аб Каралеўскай годнасці Хрыста) і 100 гадоў як было ўстаноўлена свята Хрыста Валадара сусвету. У 1969 годзе Папа Павел VI перанёс яго святкаванне на апошнюю нядзелю літургічнага года, а само свята стала ўрачыстасцю, якая падкрэслівае, што Езус Хрыстус — Альфа і Амега, Пан пачатку і канца свету. І таму ў гэтую апошнюю нядзелю літургічнага года мы асабліва ўшаноўваем нашага Пана і Валадара.

Устанаўліваючы гэтае свята, Папа нагадаў пра боскасць і адметнасць Валадарства Езуса. Хрыстус не з’яўляецца такім валадаром, як зямныя ўладары, — падкрэсліваў Пій ХІ. Ён не хоча кіраваць людзьмі пры дапамозе нейкай сілы ці войска.

Хрыстус хоча валадарыць у сэрцах людзей, бо Ён — Валадар праўды і любові. Ён жадае, каб у свеце панаваў Божы парадак, Божая праўда, Божая справядлівасць, але найперш, каб панавала Божая любоў.

Любыя вернікі! Сённяшнія біблійныя чытанні сведчаць пра тое, што праўда пра валадаранне Хрыста мае свае глыбокія карані ў Старым і Новым Запавеце. У Старым Запавеце Божае панаванне мае касмічнае вымярэнне, бо Яхвэ ёсць Панам усяго стварэння — як матэрыяльнага, так і духоўнага, і сацыяльнае вымярэнне — яно рэалізуецца сярод людзей, верных двум нязменным элементам: атрыманаму закону і заключанаму запавету.

У Новым Запавеце панаванне Бога мы бачым у асобе і дзейнасці Езуса Хрыста. З самага пачатку Яго абвяшчэнне Евангелля звязана з абвяшчэннем Божага Валадарства, якое «наблізілася» і паступова адкрываецца чалавецтву (пар. Мк 1, 15). Панаванне Бога, Яго пастаянная прысутнасць, Яго надзвычайная моц адкрываецца праз словы і ўчынкі Езуса. Бог валадарыць праз Таго, каго Ён ужо назваў сваім умілаваным Сынам падчас хросту ў Ярдане. Менавіта Хрыстус чыніць так, што глухія чуюць, сляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць і ўсім абвяшчаецца добрая вестка пра збаўленне.

Гэтае збаўленне ёсць праяўленнем бязмежнай і міласэрнай Божай любові, якая перамагае ўсялякае зло. Бог ёсць Валадаром для чалавека і ў яго сэрцы ператварае зло ў дабро, грэх у цноту, смерць у жыццё. Такім чынам, усё жыццё Езуса з’яўляецца пацвярджэннем таго Валадарства, якое адкрывае сваю магутнасць у момант Яго ўваскрасення. Адгэтуль Божае Валадарства становіцца надзеяй кожнага вучня Хрыста: незалежна ад культурнай, нацыянальнай ці сацыяльнай прыналежнасці ўсе без выключэння маюць надзею на вечнае жыццё. Гэтая надзея паступова рэалізуецца ў супольнасці Касцёла, які ўжо жыве Божай ласкай, хоць і чакае яшчэ, пакуль настане яе паўната, і таму заклікае: Мараната, прыйдзі, Пане Езу.

Любыя браты і сёстры! Езус сказаў, што Яго Валадарства не з гэтага свету (пар. Ян 18, 36). Але менавіта ў Ім, як кажа апостал Павел, мы знаходзім адкупленне і прабачэнне. Бо веліч Яго Валадарства — гэта Боская любоў, любоў, здольная ўсё аздаравіць і аднавіць. Дзеля гэтай любові Хрыстус сышоў да нас, зведаў нашу чалавечую мізэрнасць, зведаў несправядлівасць, здраду, пакінутасць, зведаў смерць, быў пахаваны, зышоў нават у адхлань. Такім чынам, наш Валадар дасягнуў межаў сусвету, каб выратаваць кожнага чалавека.

Ён не асудзіў нас, Ён нават не перамог нас, Ён ніколі не парушыў нашай свабоднай волі, але ўсё рабіў з пакорнай любоўю, якая ўсё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць (пар. 1 Кар 13, 7). Толькі такая любоў Бога перамагла і працягвае перамагаць нашых вялікіх ворагаў: грэх, смерць, страх.

Сёння, мае дарагія, мы абвяшчаем гэтую адзіную перамогу, дзякуючы якой Езус стаў Валадаром вякоў, Панам гісторыі: гэта адбылося выключна праз усемагутнасць любові, якая з’яўляецца Божай уласцівасцю, Яго жыццём і якая ніколі не скончыцца (пар. 1 Кар 13, 8). Мы маем Езуса як Валадара сусвету і павінны быць шчаслівымі і радавацца, бо Яго Валадарства любові ператварае грэх у ласку, смерць ў змёртвыхпаўстанне, страх у давер. Папа Бэнэдыкт XVI ў кнізе «Пан трымае нас за руку», якая нядаўна выйшла, зазначае: «У часы, калі свет ставіць розум вышэй за веру, для перамогі праўды не патрэбна сіла. Хрыстус не перамагае таго, хто гэтага не хоча. Ён перамагае толькі перакананнем: гэта слова Божае. Гэта заўсёды актуальнае пасланне пра надзею, веру і аднаўленне свету ў часы крызісу».

Сёння Хрыстус Валадар уваходзіць у нашае жыццё, каб мы маглі пераадолець межы смерці, межы нашых уласных абмежаванняў і слабасцяў. Святы Бэрнард Клервоскі так прыгожа пісаў пра гэта: Хрыстус пажадаў памерці дзеля таго, каб мы маглі жыць; Ён хацеў служыць, каб мы маглі валадарыць; Ён хацеў быць выгнаннікам, каб мы маглі вярнуцца на радзіму; Ён хацеў прынізіць сябе нават да смерці, каб узвысіць нас над усімі справамі сваіх рук.

Таму Папа Леў XIV нядаўна заахвочваў нас:

«Мы з’яўляемся Хрыстовым Касцёлам, Ягоным Целам, мы пакліканыя распаўсюджваць Яго Евангелле міласэрнасці, суцяшэння і міру ў свеце праз духоўнасць, якая павінна ззяць перш за ўсё ў нашым сведчанні жыцця»

(падчас малітвы «Анёл Панскі», 09.11.2025).

Браты і сёстры. Сёння Хрыстус уваходзіць у нашае жыццё, каб аднавіць нас. Не праспім жа гэтай сустрэчы, якая ёсць нашай Пасхай, нашым выйсцем з путаў граху да свабоды дзяцей Божых. Шлях у Божае Валадарства адкрыты для кожнага, бо ўсе мы — грамадзяне гэтай шчаслівай нябеснай краіны, якую нам абяцаў Пан Бог. Таму не змарнуйма свайго жыцця, а з усім даверам, на які мы толькі здольныя, дазволім Хрысту валадарыць намі, каб быць годнымі гэтага Валадарства з яго святымі жыхарамі.

Сёння Касцёл завяршае літургічны год, cкіроўваючы позірк у бок Валадарства Езуса Хрыста, Яго панавання, якое працягвае рэалізоўвацца на зямлі год за годам. Кожны год — гэта пэўны этап у рэалізацыі гэтага Валадарства, якое Пан Езус абвяшчаў і пацвердзіў сваім крыжам і сваім уваскрасеннем. Адначасова гэты дзень і гэтае свята, якое мы сёння адзначаем, указваюць нам на канчатковыя, вечныя перспектывы гэтага Валадарства. Гэта адзінае каралеўства, якое ніколі не знікне, да якога ў рэшце рэшт сыдуцца ўсе зямныя дзяржавы, уладанні і каралеўствы, і ў якім яны знойдуць сваё выратавальнае выйсце. Усё тое, што ў зямным жыцці чалавека і ў зямным жыцці грамадстваў звязана з надзеямі, але таксама і з цярпеннямі, усё гэта ў Божым Замысле Збаўлення знойдзе сваё канчатковае выйсце ў вечным, эсхаталагічным Валадарстве Божым, да якога Хрыстус прывёў нас і да якога Хрыстус пастаянна вядзе праз Касцёл.

Гэта вялікае свята Касцёла. Можна сказаць, што гэта таксама вялікае свята чалавецтва, бо гэты дзень гаворыць чалавецтву, а ўнутры гэтага чалавецтва — народам і асобным людзям, пра іх канчатковы лёс — жыццё ў Валадарстве Езуса Хрыста.

Мае дарагія браты і сёстры. Прызнаючы шчырым сэрцам Езуса Хрыста Валадаром і Панам, перад Яго крыжом пацвердзім сваё імкненне быць з Ім заўсёды, аддаючыся Яго панаванню. Перад небам і зямлёю вызнаем, што нам неабходна Тваё, Езу, Валадарства. У нашых сэрцах, у нашых сем’ях — Хрыстэ, валадар над намі! Просім Цябе, о Боскі Валадар, дай нам міласэрнасць, спакой, справядлівасць і ўсялякае дабро.

На шчырую малітву і глыбокае перажыванне Урачыстасці Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, ад усяго сэрца благаслаўляю: ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

12 лістапада 2025 г.,
у свята святога Язафата, біскупа і мучаніка

Catholic.by [2]