Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Менавіта так мне захацелася азагаловіць сваё слова да вас – да сям’і “Каталіцкага Весніка”. Я сапраўды лічу, што ўсе, хто выпісвае газету, чытае сайт Catholicnews.by, дасылае свае ахвяраванні на нашу выдавецкую дзейнасць, усе гэтыя людзі – гэта наша сям’я. Нас лучаць братэрскія повязі ў Хрысце Езусе, нас захапляюць ідэі Евангелля, мы аднолькава жадаем пашырэння Божага Валадарства на зямлі. Таму мы – сям’я. Божая сям’я.
У 2026 годзе “Каталіцкаму Весніку” спаўняецца 15 гадоў. Для чалавека гэта ўсё яшчэ падлеткавы ўзрост, а для газеты – гэта перыяд сапраўднага станаўлення і развіцця. Лёс любога папяровага выдання ў ХХІ стагоддзі няпросты. Гэта звязана з тым, што большасць людзей аддае перавагу электронным СМІ, якія хуткія ў падачы інфармацыі і разнастайныя ў плане фарматаў. Там лёгка знайсці і аўдыё- і відэа-кантэнт. Мы ў рэдакцыі таксама ўсведамляем сабе неабходнасць абвяшчаць Евангелле не толькі праз друкаванае, але і праз электроннае слова. Праз якасны фота-, відэа- і аўдыё-матэрыял. У папяровым выданні Весніка часта можна знайсці спецыяльныя QR-коды, якія адсылаюць чытача да электроннага кантэнту сайта Catholicnews.by ці да нашага канала на YouTube.
І ўсё-такі ёсць свой адданы чытач і папяровага выдання “Каталіцкага Весніка”. Таму сёння з нагоды нашага юбілею я хацеў бы падзякаваць усім нашым чытачам, падпісчыкам і ахвярадаўцам. Вялікі дзякуй за вашу падтрымку, браты і сёстры!
Як галоўны рэдактар я хацеў бы выказаць вялікую ўдзячнасць рэдакцыі “Каталіцкага Весніка” за адданую працу, творчы падыход і ўменне працаваць аператыўна.
Гэта:
- Марына Сінкевіч – рэдактар сайта Catholicnews.by, журналіст і фатограф;
- Юрась Бабіч – карэктар;
- Леанід Юрык – тэхнічны рэдактар, фатограф і кіроўца;
- Лаліта Арлоўская – карэктар рукапісаў і адміністратар сайта Catholicnews.by;
- Марына Ткач – адміністратар сайта Catholicnews.by;
- Вікторыя Філіпенка – журналіст;
- Марта Венславовіч – журналіст..
Апрача асноўнай рэдакцыйнай групы мы, вядома ж, супрацоўнічаем з многімі нашымі аўтарамі, якія дасылаюць нам свае матэрыялы з месцаў падзей. Дзякуй усім, хто сваёй працай і творчасцю дапамагае нам выдаваць газету “Каталіцкі Веснік”!
Мая рэдактарская праца цікавая і шматгранная. У ёй спалучаецца і праца над тэкстамі, і фінансавае прагназаванне, і кіраванне калектывам. Аднак, будучы святаром, я маю ўнікальную магчымасць дадаць да асноўных рэдактарскіх абавязкаў яшчэ і сваю малітву за ўсіх, хто спрыяе выхаду ў свет “Каталіцкага Весніка”. Кожны месяц я адпраўляю святую Імшу за ўсіх ахвярадаўцаў і аўтараў выдання. Асабліва малюся за тых нашых братоў і сясцёр з сям’і “Каталіцкага Весніка”, хто ўжо адышоў з гэтага свету. Няхай Слова Божае, якое яны так любілі і абвяшчалі на зямлі, само будзе для іх вечнай узнагародай у Нябесным Валадарстве!
Дарагія браты і сёстры! Дазвольце павіншаваць усіх нас з гэтым прыгожым юбілеем – 15-цігоддзем “Каталіцкага Весніка”. Няхай у нашым жыцці будзе шмат радасці ад сустрэчы з Божым Словам! Няхай Дух Святы аберагае нас ад любых памылак і дае сілу быць вернымі праўдзе! Няхай Марыя, Нябесная Заступніца, заступаецца за нас і ахінае сваёй абаронай!
З павагай, удзячнасцю і малітвай за вас,
ксёндз-канонік Віктар Місевіч,
галоўны рэдактар

