- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Скаўты з Полацка адпачылі ў летніку ў Ідолце

[1]Маленькія скаўты з Полацка завіталі ў парафію Маці Божай Шкаплернай у Ідолта, каб пад кіраўніцтвам сваіх шэфаў, не толькі ўзрастаць духоўна, але і развіваць свае фізічныя і творчыя здольнасці праз гульню і прыгоды на прыродзе.

Скаўтынг — гэта рух дзяцей і падлеткаў, які накіраваны на ўсебаковае духоўнае і фізічнае развіццё асобы. Каталіцкія скаўцкія адзінкі пры парафіях існую пад апекай душпастыраў. У 2003 годзе Апостальскі Пасад прызнаў федэрацыю скаўтаў рухам свецкіх Папскага права. Мэта руху выражаецца пяццю накірункамі: Бог, здароўе, характар, служэнне, практыка. Уся дзейнасць падчас вандровак скаўтаў скіравана на яе рэалізацыю. Кожны дзень у летніку насычаны разнастайнымі справамі і падзеямі, аднак цэнтральнае месца ў ім займае малітва, найперш — святая Імша. Парафіяльныя групы скаўтаў маюць сваю структуру. Па ўзросце і прызначэнні вылучаюць тры адгалінаванні, кожнае з якіх мае сваю назву і свой сімвалічны колер. Дзяўчаты і хлопцы займаюцца асобна.

На адпачынак у Ідолта прыехалі хлопчыкі малодшага ўзросту. Іх называюць ваўчаняты, бо на гэтым этапе скаўцкай фармацыі яны праходзяць пэўныя выпрабаванні ў форме гульні на аснове сусветна вядомай казкі Р. Кіплінга «Маўглі». Творчыя і практычныя заданні, фізічныя практыкаванні пад кіраўніцтвам старэйшых скаўтаў-шэфаў выклікаюць незабыўныя ўражанні ў дзяцей.

Рух скаўтаў надае асаблівую важнасць цырымоніям і абрадам. Яго ўдзельнікі маюць адмысловую форму і выкарыстоўваюць багатую сімволіку. Акрамя агульных сімвалаў, як, напрыклад, двухкаляровая хусцінка, якую носяць на шыі ў выглядзе гальштука, прымяняюцца і знакі адрознення. Аднак каб мець на сваёй вопратцы пэўныя нашыўкі і сімвалы, неабход заслужыць гэтае права праз праходжанне вызначаных выпрабаванняў.

Вечарам 17 ліпеня трое маленькіх скаўтаў атрымалі берэты з нашыўкай ваўчаняці, што сведчыць аб паспяховым пераходзе на чарговую прыступку скаўцкай фармацыі. Склаўшы ўрачыстае абяцанне служыць Богу, Касцёлу і Бацькаўшчыне, хлопцы атрымалі Божае бласлаўленне з рук душпастыра скаўтаў ксяндза Алега Хмылко з Полацка, а затым прынялі берэты з адмысловай нашыўкай з рук свайго Акеллы — кіраўніка парафіяльнай групы скаўтаў.

Як адзначыў духоўны кіраўнік Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі кс. Алег Хмылко, вандроўкі маюць вельмі вялікае значэнне ў духоўным і маральным развіцці скаўтаў. Старэйшыя скаўты-шэфы прыехалі разам са сваімі дзецьмі, каб праз супольны адпачынак паказаць ім прыгажосць навакольнага свету, які стварыў Бог, і навучыць з павагай і беражлівасцю адносіцца да прыроды, культурнай і гістарычнай спадчыны нашай Бацькаўшчыны. Гэта з’яўляецца таксама добрым прыкладам каталіцкага сямейнага выхавання.

Скаўт-шэф Алег Сенкель, які прыехаў са сваімі сынамі з Гродна, заўважыў, што знаходзячыся ў новых, нязвыклых абставінах, маленькія скаўты вучацца падтрымцы і ўзаемадапамозе, развіваюць свае практычныя навыкі, якія ім спатрэбяцца ў паўсядзённым жыцці. А яшчэ яны знаёмяцца з новымі людзьмі і знаходзяць сабе сяброў.

«Ідолтаўская зямля вельмі прыгожая і мае багатую гістарычную спадчыну. Тут жывуць сапраўды веруючыя, шчырыя і добразычлівыя людзі, таму мы вельмі ўдзячныя ксяндзу Вячаславу Адамовічу і парафіянам за іх гасцінны прыём» — падкрэсліў Алег Сенкель.

Жанна Закрэўская, kascelmery.by [2]