Сільвестр Сталонэ: для вынікаў у спорце патрэбны трэнер. Для развіцця ў веры патрэбныя Касцёл і святары

«Калі я быў на вяршыні сваёй кар’еры, маё эга і спакусы свету ўзялі пад кантроль маё жыццё», — прызнаецца Сільвестр Сталонэ, адзін з самых вядомых акцёраў вострасюжэтнага кіно ў гісторыі кінематографа, кажучы аб складаным перыядзе свайго жыцця.

Паводле яго сённяшняга меркавання, «Касцёл — гэта фітнес-цэнтр веры, а святары — трэнеры». «Яны дапамагаюць табе перажыць цяжкія часы і прыводзяць туды, куды ты думаў, што трапіць не зможаш. Але з іх дапамогай — можаш!», — кажа амерыканскі акцёр.

«Я сутыкнуўся са спакусамі, збіўся з дарогі і зрабіў нямала памылак», — кажа ён аб сваім шляху веры.

Персанаж «Рокі», які праславіў Сільвестра Сталонэ на ўвесь свет, належыць да тых людзей, якія хацелі браць прыклад з Езуса. «Ён — чалавек, які даруе, які не адчувае горычы», — так характарызуе акцёр героя баксёрскай драмы «Рокі Бальбоа», якая ў 1976 годзе мела вялікі касавы поспех і імгненна зрабіла Сталонэ зоркай.

Акцёр, рэжысёр і кінапрадзюсар, які нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў 1946 годзе, літаральна за некалькі дзён сам напісаў сцэнарый да «Рокі Бальбоа». «Гэта быў не проста фільм пра бокс», — падкрэсліў Сталонэ ў інтэрв’ю CBN у 2006 годзе, незадоўга да прэм’еры апошняй часткі «Рокі» у кінатэатрах. Гэты фільм з’яўляецца «вобразам цэлага жыцця», бо баксёр праходзіць драматычны шлях, шмат у чым звязаны з верай. «У канцы бою ён паказвае пальцам уверх, таму што разумее, адкуль зыходзіць яго сіла. Як быццам усё яго жыццё было служэннем Богу», — кажа амерыканскі акцёр, адзначаючы, што ён узяў сваю ўласную гісторыю і свае пачуцці і змясціў іх «у цела такога баксёра, як Рокі».

Адносна сваёй веры, акцёр адзначае, што яна зноў умацавалася, калі яго дачка моцна хварэла, а сам ён быў у вялікай патрэбе. «Я аддаў усё Богу», — кажа Сталонэ пра гэты этап свайго жыцця. Тады, кажа знакаміты акцёр, ён зразумеў: «чым больш я хаджу ў касцёл і чым больш паглыбляюся ў Божае Слова, слухаю Яго, тым меншым становіцца ціск гэтага свету».

Сільвестр Сталонэ падкрэслівае, што быць з іншымі вельмі важна. «Быць без Касцёла — гэта як мець лодку без вёслаў, ці вось яшчэ адно параўнанне. «Я трэніраваўся фізічна ўсё сваё жыццё, але незалежна ад таго, колькі намаганняў вы прыкладаеце, у канчатковым выніку вы дасягаеце кропкі, калі патрэбна дапамога. Табе патрэбны трэнер. Трэба ісці ў спартзалу. Узнікае патрэба ў вопыце і парадзе іншага чалавека. Немагчыма добра трэніравацца самастойна», — адзначае акцёр.

credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі