- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Сіла жаночай малітвы

[1]Пра жаночую прыгажосць складзена нямала песень і вершаў. Вядомыя мастакі прысвячалі гэтай тэме свае творы. Звяртаючыся да гэтых твораў, можна заўважыць, што няма пэўнага эталону прыгажосці.

У Старажытным Егіпце былі ў модзе статныя фігуры, выразныя вочы, кароткія стрыжкі. Эпоха Сярэднявечча прынесла зусім іншыя ідэалы: высокая лінія ілба, бледная скура, худаба. У эпоху Рэнесансу, наадварот, у модзе былі пышныя жаночыя формы, доўгія валасы. У 1950 гадах узнік так званы “культ пясочнага гадзінніка”. У павазе былі пышныя формы і тонкая талія. Як бачым, кожная эпоха прыносіць свае ідэалы. Яна ўплывае на форму вуснаў, на даўжыню валасоў і іншыя дэталі. Аднак ёсць яшчэ прыгажосць па-за стандартамі, якая не траціць сваю актуальнасць ніколі. Немагчыма не захапляцца рукамі, якія трымаюць ружанец ці малітоўнік, вуснамі, што звяртаюцца да Бога, вачыма, поўнымі даверу да Усемагутнага. І, канешне, жанчына ва ўсе часы атаясамлівалася з плоднасцю і мацярынствам. Яе задача заключалася не толькі ў тым, каб нарадзіць патомства, але яшчэ і годна выхаваць. Мамы ўкладаюць усе сілы і душу ў выхаванне новага пакалення. Аднак малітва – найвялікшая рэч, якую маці можа зрабіць для свайго дзіцяці.

У 1995 годзе нарадзіўся рух “Маці ў малітве”, які аб’яднаў жанчын у супольнай малітве за сваіх дзяцей, за сем’і, за духоўнае адраджэнне. Заснавальніцамі каталіцкай ініцыятывы з’яўляюцца Вероніка Уільямс і Сандра Бэклэнд з Англіі. Менавіта яны ў 1995 годзе, натхнёныя Божым заклікам, пачалі збірацца на малітве за сваіх дзяцей. Іх простая, але глыбокая ініцыятыва хутка распаўсюдзілася па свеце, бо многія маці адчулі патрэбу ў духоўнай падтрымцы і еднасці. Вероніка Уільямс асабліва падкрэслівала, што маці павінны давяраць Богу і аддаваць Яму сваіх дзяцей, бо толькі Ён ведае, што ім патрэбна. Рух стаў адказам на трывогу, боль і надзею, якія перажываюць маці ва ўсім свеце. У 2000 годзе Вероніка прыехала ў Беларусь. Гэты візіт стаў магутным штуршком да развіцця руху ў нашай краіне. На сённяшні дзень каталіцкая ініцыятыва аб’ядноўвае жанчын з розных куткоў Беларусі, а яго каардынатарам у нашай краіне з’яўляецца Людміла Губіна. Удзельніцы – рознага ўзросту і сацыльнага становішча. У кожнай – свой шлях у супольнасць.

Верніцы з парафіі святых Сымона і Алены далучыліся да руху ў 2010 годзе. Першым кірўніком супольнасці стала Часлава Млечка. У атмасферы падтрымкі і супакою жанчыны маліліся да Святога Духа, уключалі пранікнёныя малітвы за дзяцей і сем’і, чыталі Святое Пісанне. На сённяшні дзень адказнай за суполку пры парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску з’яўляецца Наталля Мадыцкая, а ў склад парафіяльнага руху ўваходзіць каля дваццаці жанчын. Уступленне ў рух карэнным чынам змяніла жыццё мамаў, трансфармавала светапогляд і стаўленне да рэчаў.

Быць светачам супольнасці

Наталля Мадыцкая расказвае, што ў 33 гады ёй давялося перажыць сапраўднае навяртанне. На той час у жанчыны была ўласная сям’я – дачка і муж. А яе жыццё было далёкім ад Бога, яна часта была незадаволенай і заклапочанай: адносіны з мужам здаваліся нацягнутымі, а дачка складана перажывала падлеткавы перыяд. Аднойчы жанчыне давялося пазнаёміцца з Анастасіяй – маладой калегай, якая практыкавала веру, чытала Святое Пісанне. Размова з ёй распаліла жаданне пазнаваць Усемагутнага праз вывучэнне Божага Слова. Пазней жыццёвыя шляхі жанчын разышліся, аднак жаданне пазнаваць Стваральніка праз вывучэнне Божага Слова засталося. Тады жанчыну моцна зачапілі словы з паслання святога Пятра: “Будзьце цвярозыя, чувайце! Ваш праціўнік – д’ябал – ходзіць, як леў, што рыкае і шукае, каго паглынуць”. Яна зразумела, што найбольш безабароннай катэгорыяй з’яўляюцца дзеці. Так пачалася індывідуальная малітва за дачку.

А крыху пазней матуля з дачкой сталі наведваць касцёл. У 2010 годзе пробашч парафіі святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк запрасіў жанчын, якія хочуць маліцца за дзяцей. Сабралася каля шасцідзесяці жанчын. Наталля адчула, што таксама мае вялікае ўнутранае жаданне ўвайсці ў склад руху. Людміла Губіна аказала дапамогу матулям ў спасціжэнні свайго мацярынскага паклікання. У розны час парафіяльную суполку ўзначальвалі Часлава Млечка, Ганна Кароль і Ірына Бурэнь. А ў 2016 годзе ксёндз Уладзіслаў Завальнюк блаславіў Наталлю Мадыцкую на гэтае адказнае заданне.

Наталлі вельмі хочацца, каб у м алітве ўдзельнічала і яе мама. Тая атмасфера глыбіні і малітвы перамяняла сэрцы. Аднойчы Наталля запрасіла сваю маму на сустрэчу супольнасці і прапанавала ўвайсці ў склад руху. І мама не адмовіла. Яшчэ адным чалавекам, які ўвайшоў у склад руху, стала сястра яе мужа. Усе ўдзельніцы адзначаюць, што малітва перамяняе не толькі дзяцей, але і саміх мамаў, спрыяе іх духоўнаму росту.

[2]

Наталля Манковіч:
– Бог прывёў мяне ў супольнасць, калі мае дзеці былі ўжо дарослымі. А мне як маці так і хацелася ўмешвацца ў іх жыццё пад выглядам клопату. Аднак гэта толькі шкодзіла. Я не ведала, як быць. Аднойчы ў касцёле пачула жаночы спеў. Ён быў такім прыгожым і пранікнёным, што хацелася далучыцца. Пасля даведалася, што гэта спявалі “Маці ў малітве” на адной са сваіх малітоўных сустрэч. Тады я рушыла да іх не разважаючы! Першы год бегала на кожную сустрэчу, не прапусціла ніводнай. Праца, дзень нараджэння – усё потым, першай справай іду на малітву. У суполцы я знайшла супакой, узмацніла давер да Бога. Жыццё ўзбагацілася сэнсам, зносінамі з матулямі, узаемнай дапамогай і сумесным узрастаннем у веры. Зараз я ўжо не дакучаю сваім дзецям, як раней. Малюся за іх і перакананая, што Бог ведае іх патрэбы і Маці Божая падтрымае. Апошнім часам жыву ў вёсцы без магчымасці жывых сустрэч. І дзякую Богу, што ёсць анлайн-фармат. Дзякую Богу, што ёсць гэты рух і што мне пашчсціла быць яго часткай!

Ганна Барысевіч:
– Пра малітоўны рух “Маці ў малітве” я даведалася з часопіса “Дыялог”. Асабліва мяне ўразіла сведчанне адной ўдзельніцы. Там нават быў указаны тэлефон каардынатара руху ў Беларусі Людмілы Губінай. Я яго запісала, але так і не патэлефанавала. Праз некаторы час, у лістападзе 2016 года, наш сын пайшоў у войска. Я прыгадала пра часопіс, выпісала на аркуш некаторыя вытрымкі з малітваў і на працягу амаль васьмі месяцаў чытала іх амаль кожны дзень. Тым самым як маці прасіла Божай апекі для сына, Божай абароны ад усялякага зла. У дзень нашага з мужам 30-гадовага юбілею сужэнскга жыцця, 18 ліпеня 2017 года, пасля працы зайшла ў Чырвоны касцёл. Пабыла на Імшы, затым спусцілася памаліцца ў капліцу Маці Божай Будслаўскай. А там якраз збіраліся на малітву жанчыны. У іх руках я ўбачыла кніжачкі з надпісам “Маці ў малітве”. Папрасіла дазволу папрысутнічаць на гэтай сустрэчы. З першых хвілін зразумела, што гэта маё, я павінна быць тут. Убачыўшы, як шчыра маліліся жанчыны, я адчула, што гэта вельмі важна. І ўжо ўсе мы разам можам падтрымліваць сына і маіх хросных дачок. На працягу васьмі гадоў я стараюся не прапускаць нашых малітоўных сустрэч. Знаходжанне ў гэтым руху дае мне ўнутраны спакой. Я навучылася больш давяраць Богу і ведаю, што ўсе, за каго я малюся, пад Яго надзейнай аховай. Мне стала лягчэй перажываць усе цяжкасці, а яшчэ ў мяне з’явілася шмат цудоўных сясцёр у Хрысце. Я бязмерна ўдзячная Пану Богу за магчымасць аддаваць у малітве сваіх дзяцей!

Ірына Цагойка:
– З супольнасцю “Маці ў малітве” я пазнаёмілася, калі спявала ў хоры “Голас душы”. Перад рэпетыцыямі я заўсёды малілася ў капліцы. Там і адбылося знаёмства з удзельніцамі руху. Малітва надала сілы, упэўненасці. Я вельмі хвалявалася за сына, які стаў студэнтам. Супакоіць маё мацярынскае сэрца змагла толькі шчырая і поўная даверу малітва. На малітоўных сустрэчах я маю магчымасць аддаць у Божыя рукі ўсе праблемы. Часам праблема застаецца, аднак я змяняю да яе свае адносіны, станаўлюся больш цярплівай і пакорнай. Гэта і вядзе да ўмацавання веры.

Алена Васілеўская:
– Пра малітоўны рух я даведалася выпадкова. З адной знаёмай жанчынай мы былі разам на выбарах. Мы з ёй ніколі не размаўлялі і не сябравалі. Яна неяк нечакана расказала пра свае праблемы, як быццам мы і раней былі сяброўкамі. Я ёй паведаміла, што шукаю магчымасць быць бліжэй да Бога. Тады яна мне распавяла пра рух “Маці ў малітве”. Ужо на наступны дзень я пайшла ў касцёл, дзе ўзяла нумар тэлефона Наталлі. Яна з вялікай цеплынёй прывітала мяне і паведаміла, што будзе радая бачыць у шэрагах матуль. У супольнасці я пазнаёмілася з вельмі цікавымі і шчырымі людзьмі, ад іх навучылася любіць і давяраць Богу.

Верш Ядзвігі Рай “Маці ў малітве”

Схілілася маці ў малітве,
Каб просьбу прамовіць Прачыстай,
Бо слёз дастаткова праліта,
Ратунку шукае наўмысна.

Звяртаецца ў пошуках Пана.
У сэрцы ўзрастае маленне…
Хінецца да Бога аддана –
Здаровае дай пакаленне.

Ласкава ці строга – як трэба –
Падтрымліваць човен радзіны,
Чуваць аб сямейных патрэбах,
Каб быў накірунак адзіны.

Каб быў стырнавы таго чоўна –
Пан Бог, Яго Імя Святое,
Каб перашкоды цудоўна,
Сям’я пражывала паволі.

Калі прызнаём, што заўсёды
Тут воля Вышэйшага правіць,
Цярпліва, лагодна, паўсюдна
Адзінага ў Тройцы праславіць!

Марта Венславовіч